Вядомы беларускі гісторык Барыс Клейн памёр учора, 4 кастрычніка, у ЗША ва ўзросце 92 гадоў ад хваробы, выкліканай каранавірусам. Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, піша TUT.BY.

 — Я меў несумненны гонар быць датычным да выдання дзвюх апошніх кніг Барыса Клейна на радзіме. Апошні ліст ад яго прыйшоў прыкладна два тыдні таму. Ён шчыра перажываў за Беларусь, даваў парады, якімі, на жаль, я не мог скарыстацца, але якія таму не станавіліся менш вернымі і кранальнымі, — напісаў Фядута.

Барыс Клейн нарадзіўся ў 1928 годзе ў Віцебску ў сям'і медыкаў. Скончыў юрыдычны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага універсітэта. Працаваў у пракуратуры Ленінградскай вобласці, юркансультантам на Беларускай чыгунцы.

У 1960-я гады абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі і стаў выкладаць у Гродзенскім медыцынскім універсітэце. У тыя гады Клейн сябраваў і блізка кантактаваў з пісьменнікамі Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком. Усе трое з’яўляліся кіраўнікамі нефармальнага клуба гродзенскіх інтэлектуалаў, якія крытычна ставіліся да савецкай рэальнасці. Гэтыя абставіны сталі прычынай цкавання Клейна.

У 1971-м ён быў выключаны з КПСС, пазбаўлены ступені кандыдата навук. Ён быў вымушаны працаваць юркансультантам на гарадской гароднінабазе, затым на хімкамбінаце «Азот». Клейн не мог працаваць па спецыяльнасці і знаходзіўся пад каўпаком спецслужбаў.

Пасля доўгай барацьбы ў 1976-м ён быў адноўлены ў КПСС, у 1979-м яму вярнулі ступень кандыдата навук. Пасля гэтага ён змог вярнуцца да навукі і стаў працаваць у Гродзенскім універсітэце.

У 1989-м абараніў доктарскую дысертацыю па гісторыі.

У 1992-м эміграваў у ЗША, дзе працягваў навуковую працу. Аўтар шматлікіх даследаванняў, а таксама мемуараў «Недагаворанае», якія былі апублікаваныя ў 2019 годзе.