Сёння ў Смалявічах мужчына здзейсніў акт самаспалення. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён з’явіўся ля ганка будынка РАУС, абліў сябе бензінам і падпаліў. Цяпер ён знаходзіцца ў рэанімацыі, піша TUT.BY.

Месца здарэння ачэплена, працуюць супрацоўнікі Следчага камітэта. Тут ляжаць рэшткі адзення і абутак мужчыны. Відавочца паведаміў журналісту TUT.BY, што ён бачыў:

— Я пад’язджаў да скрыжавання, побач з якім знаходзіцца РАУС. Там стаялі пажарныя машыны з пробліскавымі маячкамі, ля ганка знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі. Каля іх ляжаў чалавек, побач гарэла нейкая ануча або адзенне. Спачатку падумаў, што гэта лялька якая-то ляжыць, але потым заўважыў, што чалавек варушыцца. Ён быў увесь у нейкім белым парашку. Потым прымчаліся дзве машыны хуткай дапамогі, і мужчыну павезлі.

Фото: TUT.BY

Як атрымалася высветліць журналістам на месцы, мужчына, перад тым як сябе падпаліць, не крычаў якіх-небудзь лозунгаў — проста падпаліў сябе, а супрацоўнік РАУС патушыў яго з вогнетушыцеля.

Цяпер мужчына знаходзіцца ў Смалявіцкай раённай бальніцы, у рэанімацыі.

Пакуль дакладна невядомыя прычыны, якія штурхнулі яго на такі ўчынак.

Пазней у Telegram-канале МУС удакладнілі, што мужчына — 36-гадовы мясцовы жыхар, перад спаленнем абліў сябе бензінам. Агонь патушыў супрацоўнік аддзялення РУУС. Раней мужчына прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напояў, выказваўся аб спробах суіцыду, паведамляе ведамства.