Улады разглядаюць магчымасць павысіць некаторыя падаткі для фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Гаворка ідзе ў тым ліку аб фіксаваным падатку для тых, хто здае ў арэнду кватэры, дачы, гаражы і парковачныя месцы, а таксама аб адзіным падатку з ІП і іншых фізічных асоб (яго плацяць, да прыкладу, рэпетытары). Улады таксама хочуць павысіць сярэднія стаўкі зямельнага падатку па раёнах, піша TUT.BY.

Як прапануюць змяніць падаткі для тых, хто здае ў арэнду кватэры і гаражы

Да прыкладу, стаўку падаходнага падатку з фізічных асоб за здачу ў арэнду аднаго жылога памяшкання ў абласных цэнтрах хочуць падняць да 32 рублёў, а ў такіх гарадах, як Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Жлобін, Жодзіна, Ліда, Мазыр, Маладзечна, Наваполацк, Орша, Пінск, Полацк, Рэчыца, Светлагорск, Слуцк, Салігорск, — да 21 рубля.

Да прыкладу, у Наваполацку цяпер падатак складае 20 рублёў, а ў Полацку і Оршы — 15 рублёў.

Падобная прапанова ўтрымліваецца ў праекце закона «Аб змене Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь», які вынес на абмеркаванне Мінфін.

Чытайце таксама: «Три группы вопросов, которые блокируют договоренности». Путин и Лукашенко не договорились по нефти, газу и налогах

Пры гэтым у праекце закона для Мінска і абласных цэнтраў мы не знайшлі дзяленне ставак гэтага падаходнага падатку па эканоміка-планіровачных зонах. Да прыкладу, цяпер у сталіцы 5 эканоміка-планіровачных зон, для кожнай свая стаўка падатку за здачу ў арэнду аднаго жылога памяшкання — ад 18,5 да 32,5 рублёў. У праекце закона ўказаны стаўка падатку за здачу ў арэнду жылля ў 34,1 рубля, а гаража — 11 рублёў (у абласных цэнтрах — 8,8 рубля).

Як хочуць павысіць адзіны падатак для ІП і фізічных асоб

Улады таксама хочуць павысіць адзіны падатак з ІП і іншых фізічных асоб. Да прыкладу, за рэпетытарства ў Мінску прапануецца падняць збор да 40 рублёў (зараз —36), у абласных гарадах і Мінскім раёне — да 35 рублёў (да прыкладу, у Брэсце цяпер — 27,02 рубля, а ў Мінскім раёне — 30 рублёў).

Адзіны падатак за распрацоўку вэб-сайтаў, наладу кампутараў і ўстаноўку праграмнага забеспячэння ў Менску хочуць падняць да 115 рублёў (цяпер — 97 рублёў), у абласных цэнтрах і Мінскім раёне — да 101 рубля.

Чытайце таксама: Пуцін абяцаў Беларусі крэдыт на 1,5 млрд долараў

Таксама прапануецца павысіць сярэднія стаўкі зямельнага падатку па раёнах — на 4,8%. Яны прымяняюцца, калі адсутнічае кадастравая ацэнка на зямлі.

Нагадаем, улады таксама хочуць павялічыць падаходны падатак для ўладальнікаў сядзіб і рамеснікаў. Памер збору прапануюць падняць з адной базавай велічыні да чатырох у год — з 27 да 108 рублёў.

Таксама разглядаецца магчымасць падняць стаўкі акцызаў на алкаголь і цыгарэты. Магчымае павышэнне ставак акцызаў адаб’ецца на рознічных цэнах.