Расія абяцала Беларусі крэдыт на 1,5 млрд долараў, аб гэтым заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у Сочы. Заяву па выніках двухбаковай сустрэчы трансляваў канал Russia Today, піша TUT.BY.

 — Эканоміка вышэй за ўсё. Мы заўсёды прытрымліваемся гэтай лініі. Трэба цясней трымацца з нашым старэйшым братам, — заявіў Лукашэнка, адзначыўшы, што актыўна супрацоўнічаць у эканамічных пытаннях ён дамовіўся з Пуціным яшчэ да выбараў.

Ён падзякаваў прэм’ер-міністру Міхаілу Мішусціну за нядаўні візіт у Беларусь, у ходзе якога бакі дамовіліся па пытаннях, якія не былі названыя. Некаторыя пытанні, удакладніў Лукашэнка, былі пакінутыя да сустрэчы прэзідэнтаў.

Уладзімір Пуцін па выніках сустрэчы назваў лагічнай і своечасовай прапанову пачаць працу па Канстытуцыі Беларусі.

— Мы ведаем аб вашай прапанове пачаць працу па Канстытуцыі. Лічу, гэта лагічна, своечасова, мэтазгодна, — заявіў Пуцін.

Лукашэнка таксама падзякаваў Пуціну за супрацоўніцтва па каранавірусе.

 — Што тычыцца каранавіруса, я вам вельмі ўдзячны. Мы вельмі цэнім, што вы паставілі нас на першы шэраг забеспячэння вакцынай, — сказаў ён. — Вы бачыце, што адбываецца ў Еўропе, дзе адназначна пачалася моцная другая хваля. Я баюся, што яна будзе больш магутнай, чым першая, я ўжо бачу гэтыя тэндэнцыі. Павінен прызнаць, што ў Беларусі гэтага ўсплёску, як у Еўропе, няма. Але гэта не значыць, што мы апусцілі рукі. Мы вельмі сур’ёзна рыхтуемся да таго, каб не атрымаць гэтую хвалю. Што абнадзейвае: нашы спецыялісты заўважылі, гэты вірус ужо не той.

Лукашэнка заявіў, што ў пытаннях абароны ў іх з Пуціным супярэчнасцяў няма.

— Мы з вамі як людзі ваенныя заўсёды прытрымліваліся адной тактыкі. Груба неяк сказаў нядаўна расіянам-журналістам: сабачыцца мы можам па любых пытаннях, спрачацца, але абарона і бяспека ў нас ніколі не выклікалі спрэчак і сумневаў. Мы ні ў каго не павінны пытацца, праводзіць ці не праводзіць вучэнні. Мы праводзілі і будзем праводзіць. Хто-небудзь хоча, няхай далучаецца.

Прэзідэнт Беларусі заявіў, што ўжо даў каманду міністру абароны, і разлічвае, што Пуцін паступіць аналагічна, і тады краіны сплануюць вучэнні «на гады наперад».

 — Адзін з урокаў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі мы ўбачылі. Ну навошта бразгаць гусеніцамі ля межаў Саюзнай дзяржавы? — пракаментаваў Лукашэнка вучэнні НАТО у Літве, побач з мяжой Беларусі.