У перыяд з 28 па 31 жніўня будзе праводзіцца комплекснае тактычнае вучэнне на Гродзенскім напрамку, паведамілі ў Міністэрстве абароны.

Падчас вучэнняў спланаваныя перамяшчэнні вялікай колькасці ваеннай тэхнікі па дарогах агульнага карыстання. Гэта можа абцяжарыць дарожны рух.

У Мінабароны назвалі дарогі, па якіх будзе ехаць ваенная тэхніка:

  • 28 жніўня: раён воз. Юбілейнага — Дабравольшчына — Гневеншчына — Немейшы — Бакуны;
  • 29 жніўня: Фолюш — Подлабенне — Пушкары — Зарачанка — Калбаска — Белыя Балоты;
  • 30 жніўня: Дайлідкі - Жукевічы, Бросты — Саломенка, Дайлідкі - Квасоўка, Каменка — Каўпакі, Сухмені - Зарубічы.

«Просім жыхароў населеных пунктаў і кіроўцаў транспартных сродкаў быць вельмі ўважлівымі на гэтых участках дарогі, беручы пад увагу і ўмовы надвор’я», — адзначылі ў ведамстве.

Падчас візіту ў Гродне 22 жніўня Аляксандр Лукашэнка асабіста азнаёміўся з падрыхтоўкай да гэтых вучэнняў. Да таго ён заяўляў аб небяспецы захопу Гродзенскай вобласці сіламі НАТО.

27 жніўня Лукашэнка сказаў, што пачалася «дыпламатычная вайна на самым высокім узроўні» і што краіна зараз вымушаная марнаваць велізарныя грошы, каб стабілізаваць абстаноўку на заходніх граніцах. «Вы бачыце гэтыя заявы пра тое, што Беларусь распадзецца, Гродзенская вобласць ужо адыдзе Польшчы. Яны пра гэта ўжо ў адкрытую кажуць, спяць і бачаць», — заявіў ён.

У той жа дзень у МЗС Польшчы выклікалі пасла Беларусі Уладзіміра Чушава — «У сувязі з неаднаразовымі неабгрунтаванымі абвінавачваннямі ўладаў Беларусі на адрас Польшчы».