У Гродне мужчына забіў жонку, а потым зачыніўся ў ваннай і скончыў жыццё самагубствам. У гэты момант у кватэры знаходзілася 12-гадовая дачка мужа і жонкі, піша TUT.BY. Трагедыя адбылася ў адной са шматпавярховак на праспекце Янкі Купалы ў абласным цэнтры.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

45-гадовы Вадзім і 39-гадовая Вольга, па словах знаёмых сям'і, знаходзіліся ў стадыі разводу і жылі асобна. Вадзім — у свайго брата, а Вольга з дачкой Дашай у кватэры на праспекце Янкі Купалы.

— Вольга да замужжа жыла ў Юрацішках. Прыгожая і спакойная дзяўчына. Вучылася ў Гродзенскім універсітэце і ў Гродне жа і выйшла замуж. Яны ўсёй сям’ёй прыязджалі да яе бацькоў. А потым, казалі, нешта ў іх не заладзілася — і яны вырашылі развесціся — кажуць знаёмыя сем'і з Юрацішак Іўеўскага раёна. — Яны нядаўна з сяброўкай у яе дома сядзелі, і муж прыйшоў, так тая сяброўка потым Волі сказала, што, маўляў, ты б яго дадому не пускала, а тое нешта ў яго з галавой не так. Ну і вось так атрымалася.

Гродзенскія суседзі сям'і аб трагедыі ведаюць.

— Гэта здарылася на мінулым тыдні, — кажуць пажылыя жанчыны на адной з дзіцячых пляцовак каля дома і паказваюць вокны кватэры, дзе ўсё адбылося. — Кажуць, — мы ж не ведаем ніякіх падрабязнасцяў — - што ён ударыў яе некалькі разоў малатком. А потым сам зачыніўся ў ваннай — і таксама ўсё. Дачку знайшлі жывой і ў бальніцу павезлі. Яна, бедная, там суткі правяла з двума мёртвымі, а потым яго брат прыйшоў і ўсё гэта ўбачыў. Тут, вядома, міліцыя і хуткая былі.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

Па словах суседзяў, брат мужчыны прыехаў у кватэру ўвечары 30 ліпеня і ўбачыў, што ў адным з пакояў ляжыць уся ў крыві Вольга — жанчына была мёртвая, у закрытай ваннай — Вадзім таксама без прыкмет жыцця, а іх 12-гадовая дачка Даша — у адным з пакояў. У яе былі сляды збіцця на целе і зламаная рука. Дзяўчынка была ў прытомнасці. Яе шпіталізавалі.

Фото: Катерина Гордеева, TUT.BY

У Следчым камітэце пасля запыту TUT.BY пра абставіны трагедыі паведамілі, што ўвечары 30 ліпеня супрацоўнікі міліцыі знайшлі целы мужчыны і жанчыны з прыкметамі крымінальнай смерці.

— Следства разглядае розныя версіі таго, што здарылася, у тым ліку версію пра тое, што 45-гадовы мужчына нанёс жонцы множныя ўдары, і ад атрыманых пашкоджанняў яна памерла. Пасля чаго ён, знаходзячыся ў ванным пакоі, здзейсніў суіцыд. Акрамя таго, у кватэры з цялеснымі пашкоджаннямі выяўленая іх 12-гадовая дачка, якая была дастаўленая ў бальніцу для аказання медыцынскай дапамогі. Абставіны атрымання дзяўчынкай пашкоджанняў высветляюцца, — паведамляе Следчы камітэт.

Паводле папярэдніх дадзеных следства, муж і жонка збіраліся скасаваць шлюб і падзяліць сумесны нажытак, пражывалі асобна.

Распачатая крымінальная справа па артыкуле «Забойства». Расследаванне працягваецца.

Вольгу пахавалі ў Юрацішках на праваслаўных могілках, яе мужа — у Гродне.