У Мастах прайшло судовае пасяджэнне па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні. У дробным хуліганстве абвінавачваецца сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, 34-гадовы Аляксандр Мілюк. Гаворка ідзе пра падзеі 3 ліпеня, калі да актывіста на вуліцы падышоў невядомы мужчына, якому Аляксандр нібыта быў вінен грошай. Аляксандр паспеў зняць падзеі на тэлефон, а потым спыніў экіпаж ДАІ, папрасіўшы аб дапамозе. Удзельнікаў канфлікту завезлі ў пастарунак, адтуль Мілюку выклікалі хуткую і шпіталізавалі. Аказалася, у актывіста — каранавірус, піша TUT.BY.

Раней міліцыя заяўляла, што ў дачыненні да Аляксандра Мілюка ніякіх пратаколаў не складзена, а другі ўдзельнік канфлікту 3 ліпеня прызнаны вінаватым у адміністрацыйным правапарушэнні. У судзе высветлілася, што мужчына — Валянцін Жураўлёў — атрымаў 15 сутак арышту.

27 ліпеня на сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай усё ж склалі адміністрацыйны пратакол, там пазначана, што Мілюк «знаходзячыся ў грамадскім месцы… з хуліганскіх меркаванняў выказваў відавочную непавагу да грамадства, абразліва чапляўся, хапаў за вопратку і спрабаваў ударыць Жураўлёва В. Ю., лаяўся нецэнзурнай лаянкай, чым наўмысна парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян».

І цяпер менавіта Жураўлёў апынуўся пацярпелым. Пратакол, як і абвінавачванне, Аляксандр Мілюк не прызнае.

3 жніўня ў судзе Мастоўскага раёна пачаліся пасяджэнні. Суддзя, які вядзе працэс па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні - Дзмітрый Цыунчык.

Пацярпелы — грамадзянін Расіі Валянцін Жураўлёў, мае від на жыхарства у Беларусі, распавядаў, што ў 10 раніцы 3 ліпеня прыехаў у Слонім з вёскі Пескі, што ў 8 кіламетрах ад раённага цэнтра, на святкаванне Дня незалежнасці. Мужчына згадвае, што хацеў зайсці да сябра, але потым на адной з вуліц сустрэў Мілюка. І здарыўся канфлікт.

Адвакат Мілюка просіць далучыць да матэрыялаў справы відэа з рэгістратараў супрацоўнікаў ДАІ (хадайніцтва задаволілі), а таксама з хола РАУС (задаволілі) і камер у раёне помніка воінам-вызваліцелям (адхілілі) і выклікаць службовую асобу, якая складала першы пратакол, па якім Жураўлёў быў прызнаны асобай, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне. Таксама просіць выклікаць ў якасці сведкі прадаўца магазіна, які знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад месца канфлікту (адхілілі). Адвакат таксама звярнула ўвагу, што ў пратаколе, складзеным у міліцыі, не пазначаны дакладны час — і просіць адправіць матэрыялы справы на дапрацоўку (адхілілі).

Жураўлёў час канфлікту не памятае, кажа, што ўсё здарылася дзесьці ў 11 раніцы. У пратаколе варта іншы час — каля 12.30.

— Я не помню, чэснае слова. Хацеў зайсці да друга, не дайшоў, встрэціў чалавека каля памятніка Жукава. Я падашоў к нему, он начал ругаться: мужик, что ты хочаш, потом начал телефонам снимать, я хацеў телефон забрать, брось его, говорю. Гаишная машына шла, ён ламануўся к ей.

Суддзя ўдакладняе, што ж дакладна рабіў Мілюк. Жураўлёў кажа, што лаяўся і размахваў рукамі. Але як дакладна лаяўся мужчына і што менавіта казаў, ён сказаць не можа.

Жураўлёў распавядае, што, убачыўшы Мілюка, падумаў, што гэта яго знаёмы, якому ён даваў грошы на рамонт машыны — але аўтамабіль ніхто не адрамантаваў і грошы яму не вярнулі.

Пацярпелы блытаецца, апісваючы, што менавіта рабіў Мілюк: то ён яго ўдарыў, то абражаў, то чапаў рукамі, то хапаў за плячо. Ён таксама просіць, каб відэазапіс, які Мілюк выклаў у Сетку, быў прыбраны.

Аляксандр Мілюк распавядае, што 3 ліпеня ён разам з дзіцем ішоў з піцэрыі дадому.

 — Прыкладна, а 12.00−12.30 гэты чалавек — Жураўлёў - хутка накіраваўся да мяне з боку цёмна-сіняга аўтамабіля. Гэты аўтамабіль я бачыў каля піцэрыі раней. Калі мужчына падыйшоў, я ўключыў тэлефон. Ён сказаў: «Пакуль я добры, міліцыя хоча цябе забраць», што я яму павінен нейкія грошы. Я стараўся пазбягаць нейкага канфлікту, адыходзіў ад яго. Гляджу, аўтамабіль ДАІ едзе па дарозе — і я папрасіў супрацоўнікаў аб дапамозе — каб яны прыбралі дадзенага чалавека ад мяне.

Мілюк таксама кажа, што пацярпелы яго моцна штурхаў.

 — Я прасіў дапамогі ў супрацоўнікаў ДАІ, але мяне чамусьці не хацелі слухаць і ўвесь час перапытвалі, што здарылася. Потым быў выкліканы нарад міліцыі і мне сказалі, што нас забіраюць у РАУС. Мяне — у якасці сведкі або пацярпелага.

Мілюк упэўнены, што ўсё тое, што адбылося — правакацыя, і сітуацыя звязаная з яго актыўнай палітычнай дзейнасцю.

У якасці сведак былі выкліканыя начальнік Мастоўскага аддзялення ДАІ РАУС Віталь Плескач, старшы інспектар ДПС Дзяніс Драбіновіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Дэйкала, які, быццам бы, здалёк бачыў канфлікт, а таксама начальнік ААПП Мастоўскага РАУС Яўген Кудрашоў (не з’явіўся ў суд, быў на пахаванні).

Сяргей Дэйкала распавёў, што ішоў па горадзе і здалёк бачыў канфлікт. У размовах з калегамі згадаў пра гэта, і яго папрасілі быць сведкам. Распавёў ён гэта ўсё на працы 6 ліпеня, аднак пратакол ягонага апытання быў складзены чамусьці 3 ліпеня. Чаму так атрымалася, Сяргей Дэйкала адказаць суддзі не змог.

Таксама заслухалі яшчэ двух сведак — супрацоўнікаў ДАІ, якія блыталіся ў паказаннях і не маглі дакладна расказаць, што ж адбывалася паміж Мілюком і Жураўлёвым.

Пасяджэння працягнуцца 6 жніўня. Тады ў якасці сведкі дапытаюць сына Аляксандра Мілюка, які прысутнічаў пры канфлікце. Ён выкліканы па хадайніцтве адваката мужчыны.

Житель Мостов, которого задерживали с ребенком, попал в больницу с COVID-19. Активисты узнали нападавшего

Чем закончилось задержание многодетного отца на День независимости в Мостах, когда он снимал провокацию на видео