21 ліпеня ў Гальшанах адбылася трагедыя: пяском засыпала двух хлопчыкаў, якія гулялі ў невялікім кар’еры на ўскраіне пасёлка. Цяпер Следчы камітэт па гэтым факце праводзіць праверку. Па словах мясцовых жыхароў, загінулыя хлопчыкі — стрыечныя браты, піша TUT.BY.

— Дзеці не мясцовыя, не гальшанскія. Прыехалі на лета да бабулі. Хлапчукі як хлапчукі. Бегалі, гулялі. Адзін з Ашмянаў, другі з Маладзечна, — распавядаюць мясцовыя жыхары.

Месца, дзе здарылася трагедыя, знаходзіцца метрах у 200 ад завулка Лясны, на ўскраіне Гальшан. Там і знаходзіцца той кар’ер, дзе засыпала хлопцаў. Праўда, у мясцовым сельсавеце кажуць, што гэта хутчэй проста яма, дзе мясцовыя жыхары бралі пясок.

— Так і тое, там пясок-плывун і не падыходзіць для будоўлі, напрыклад. Учора да самой ночы на месцы працавалі спецыялісты розных ведамстваў: і пракуратура, і Следчы камітэт, — кажуць у сельсавеце.

Па інфармацыі МНС, яма, дзе адбылася трагедыя, зусім невялікая. Яе памер 5 на 6 метраў, а глыбіня — 1,5 метра.

Па дадзеных следства, вечарам 21 ліпеня двое хлопчыкаў 11 і 12 гадоў гулялі ўнутры катлавана, які ўтварыўся пасля забору пяску мясцовымі жыхарамі. Калі дзеці знаходзіліся ў яме, абрынуўся грунт — хлопчыкаў засыпала пяском. На месца прыбылі выратавальнікі, яны дасталі дзяцей, але выратаваць хлопчыкаў не ўдалося.

Мясцовыя жыхары распавядаюць, што хлопчыкаў выявіў адзін з вяскоўцаў, які праходзіў міма. Дакладней, ён заўважыў дзіцячы абутак і абвал пяску і выклікаў ратавальнікаў.

— Дзеці там, здаецца, у бакавой сценкі ямы капалі нешта тыпу выемкі. Тады пясок і абсыпаўся. Хлапчукоў знайшлі, напэўна, не адразу. Дома іх да таго часу не было гадзіны дзве, — распавядаюць мясцовыя жыхары.