Эканамічны суд Менску аштрафаваў 16 ліпеня краму Symbal.by больш чым на 2000 рублёў. Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку стваральнік крамы Павел Белавус, піша Белсат.

Паводле Белавуса, крама Symbal.by аштрафаваная на 1360 рублёў за парушэнне транспарціроўкі кур’ерам тавару — цішотак ПСІХОЗ%. Самога Белавуса, як дырэктара кампаніі, за гэтае ж парушэнне аштрафавалі на 25 базавых велічыняў - 675 рублёў.

«Добрая навіна, што цішоткі не канфіскаваныя і пасля атрымання судовых пратаколаў мы зможам іх забраць», — адзначыў ён.

Нагадаем, 12 чэрвеня ў кур’ера крамы працаўнікі Савецкага РАУС забралі больш за 400 цішотак «ПСІХОЗ%». Пасля гэтага ў краму пачалі прыходзіць няспынныя праверкі, камунальныя службы адключылі электрычнасць, Менгарвыканкам запатрабаваў прыбраць з будынку шыльды крамы. 23 чэрвеня Белавус абвесціў, што ў гэтых умовах крама спыніць сваю працу.

Надпіс «ПСІХО3%» — гэта адсылка да вядомага выраза Аляксандра Лукашэнкі, які называў каронавірус «псіхозам», і рэйтынгу дзейнага кіраўніка дзяржавы ў інтэрнэт-апытаннях (ён вагаецца на ўзроўні 3%).