У праваахоўных органаў паўсталі пытанні да намесніка гендырэктара Скідзельскага цукровага камбіната Сяргея Кулікоўскага. Пра гэта піша TUT.BY са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.

Па словах суразмоўцаў, яго падазраюць у атрыманні «непрацоўных даходаў» ад пастаўшчыкоў сыравіны.

На Скідзельскім цукровым камбінаце сказалі, што Кулікоўскі знаходзіцца ў адпачынку з сярэдзіны мінулага тыдня. Адказваць на пытанне аб месцазнаходжанні топ-мэнэджара там адмовіліся, бо яшчэ «не атрымалі адказы на запыты ад адпаведных органаў».

У канцэрне «Белдзяржхарчпрам», які курыруе цукровыя заводы, пацвердзілі факт затрымання Кулікоўскага. У прэс-службе КДБ атрымаць каментар не ўдалося.

Сяргей Кулікоўскі адказваў на Скідзельскім цукровым камбінаце за набыццё і перапрацоўку цукровых буракоў і сырца. Сыравінная зона завода ўключае 8 буракасейных раёнаў Гродзенскай вобласці. Дастаўка ажыццяўляецца грузавікамі і вагонамі. Цэнтральны склад бурака ёсць у Скідзелі, філіялы знаходзяцца ў гарадскім пасёлку Рось і Памежным пасёлку. Таксама задзейнічана пляцоўка на чыгуначнай станцыі Бастуны.

У канцы студзеня 2020 года супрацоўнікі КДБ затрымалі кіраўнікоў усіх чатырох цукровых заводаў, Беларускай цукровай кампаніі і яшчэ некалькіх бізнесменаў. Па гэтай справе праходзіць і былы начальнік 2-га ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК МУС) Уладзімір Ціхіня.

Заведзеныя крымінальныя справы па фактах атрымання і давання хабараў.

Паводле інфармацыі сілавікоў, топ-менеджэры арганізавалі нелегальныя схемы з продажам цукру і упаковак для яго фасоўкі.

24 чэрвеня намеснік генпракурора Аляксей Стук паведаміў, што расследаванне «цукровай справы» працягваецца. Фігуранты па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай. Яны супрацоўнічаюць са следствам, прызналі многія факты сваёй незаконнай дзейнасці, але не хадайнічалі аб заключэнні пагаднення са следствам, дадаў Стук.

Чытайце таксама:
У Скідзельскага цукровага камбіната новы гендырэктар. Раней ён кіраваў заводамі ў Гродне

Лукашэнка: дырэктары цукровых заводаў просяцца «ў калгас гной грузіць»