Новости

Высякаць дуброву перасталі, але «Аульс» пашыраць няма куды: хаваць на ворных землях забараняе прэзідэнт

Увечары 8 ліпеня ў Путрышках прайшла сустрэча жыхароў з прадстаўнікамі ЖКГ і прыродааховы з нагоды пашырэння могілак «Аульс» у бок аграгарадка і вырубкі дубровы, піша T*T.BY. З сітуацыяй вяскоўцы катэгарычна не згодныя.

— Вельмі шкада, што на сустрэчу не прыехалі прадстаўнікі гарадской або абласной уладаў. Калі коратка, то якіх-небудзь прадуктыўных вынікаў сустрэча не прынесла, — са шкадаваннем кажа старшыня грамадскага аб’яднання «Экомониторинг» Яўген Філімонаў. — Мясцовым жыхарам зноў паабяцалі вырашыць пытанні з вадой і правесці інтэрнэт.

На сустрэчу прыйшлі каля дваццаці мясцовых жыхароў. Яны паказвалі прадстаўнікам ЖКГ і гродзенскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя фота, як вада з могілак пасля дажджоў залівае агароды і вуліцу. Казалі пра тое, што дуброва — важны зялёны шчыт ад «Гродна Азот».

Могілак хопіць яшчэ на тры-чатыры месяцы

Грамадскія слуханні па гэтым пытанні не праводзілі.

— А чыноўнік жа можа падзяляць адказнасць з грамадзкасцю, якая ў сваю чаргу можа неяк уплываць на тое, што адбываецца вакол, — кажа Яўген Філімонаў. — Пры гэтым абмеркаванні справаздачы ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе тут не было, але ў то жа час былі грамадскія слуханні па ўздзеянні на асяроддзе запуску новага цэха на «Гродна Азот», дзе зялёны шчыт, гэтая дубрава, фігуруе. Атрымліваецца такі вось рэбус — там яна ёсць у ранейшым аб’ёме, але па факце яе высякаюць. Выразнага адказу на гэтае пытаньне я не атрымаў.

Па яго словах, намеснік генеральнага дырэктара гродзенскага гарадскога ЖКГ Аляксей Бодзіч зноў распавядаў людзям, што прадпрыемства дзейнічае па законе, месцаў для пахавання не хапае.

Месцаў для пахаванняў на могілках «Аульс» засталося на тры-чатыры месяцы, патлумачыў «Вечернему Гродно» першы намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Жук. Але, як ён сказаў, працы па высечцы зараз прыпынілі.

Гарадскія ўлады спрабавалі зрабіць адвод зямлі праз дарогу ад могілак, каб хаваць там. Адпраўлялі дакументы ў Адміністрацыю прэзідэнта, аднак атрымалі адмову — бо гэта ворная зямля, распавёў Аляксей Бодзіч. Паводле яго слоў, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта паехаў у Менск на паўторнае ўзгадненне ўчастка за дарогай, бліжэй да «Азоту», піша s13.ru.

Час будаваць крэматорый?

Два гады таму жыхары аграгарадка Путрышкі рашуча выступілі супраць пашырэння могілак «Аульс», а таксама супраць вырубкі дубовага гаю, які быў натуральным зялёным шчытом паміж пасёлкам і гарадскім пахаваннем. Тады мясцовыя жыхары змаглі адстаяць дуброву. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў паабяцаў старанна разгледзець варыянт пашырэння «Аульса» ў бок аднайменнай чыгуначнай станцыі, гэта значыць у процілеглы ад дубровы. Аднак у гэтым годзе мясцовыя жыхары са здзіўленнем убачылі, што дуброву зноў пачалі секчы.

Па думку гарадскіх уладаў, адзінае правільнае рашэнне ў гэтым пытанні — будаўніцтва ў Горадні крэматорыя. Дарэчы, могілкі з дзвюма формамі пахавання (традыцыйнай і ва ўрнах) з перспектыўным (пасля 2030 года) будаўніцтвам крэматорыя прадугледжана ў генплане горада. Нават вызначана месца — справа ад Аульса. Але, як адзначыў Андрэй Жук, па законе будаваць яго мае права толькі дзяржава. Таксама яго непакоіць тое, што ў рэгіёне шмат рэлігійных канфесій, і крэмацыя можа не прыжыцца.

Апытанне жыхароў горада з нагоды пабудовы крэматорыя абяцалі правесці таксама два гады таму.

— Тады ж абяцалі і прыпыніць высечку, аднак цяпер мы назіраем іншую карціну, — кажа Яўген Філімонаў. Па яго словах, жыхары збіраюцца са сваёй праблемай ехаць у Мінск — у Адміністрацыю прэзідэнта.

Чытайце таксама: Кладбище или крематорий? Как Гродно будет хоронить своих мертвецов

Падзяліцца

Апошнія запісы

Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў

На “Гродна Азот” 2 траўня 2024 года адбылася атака кіберпартызанаў. З сістэмы выдалілі дадзеныя сотняў…

3 мая 2024

Супраць гродзенскага актывіста пачалі спецвытворчасць. У чым яго абвінавачваюць?

Гродзенец Ежы Грыгенча патрапіў пад спецвытворчасць. Працэс супраць мужчыны пачалі 2 траўня 2024 года. Ежы…

3 мая 2024

Цана сэрвіснага збору ў візавых цэнтрах Гродзенскай вобласці вырасла. Колькі зараз трэба заплаціць?

Польскія візавыя цэнтры ў Гродне і Лідзе паднялі цэну сэрвіснага збору. Зараз пры падачы на…

3 мая 2024

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024