Адвакаты прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі падалі хадайніцтва аб змяненні яму меры стрымання на хатні арышт, піша TUT.BY .

— Пададзена хадайніцтва аб змене меры стрымання на больш мяккую: просім хатні арышт з правам стасавання са штабам і СМІ, каб выключыць перашкоды ў рэалізацыі выбарчага права, — распавёў адвакат палітыка Зміцер Лаеўскі.

Зараз Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ.

Чытайце таксама: «Будуць сюрпрызы». У штабе Бабарыкі распавялі пра агітацыю і правядзенне рэферэндуму

Раней абаронцы Віктара Бабарыкі падалі скаргу на імя Генеральнага пракурора на пастанову аб прыцягненні іх падабароннага ў якасці абвінавачанага. На іх думку, нявызначанасць вылучаных чалавеку прэтэнзій дазваляе сумнявацца ў тым, «ці меліся для іх аснаванні ў прынцыпе». Да гэтага Мінскі гарадскі суд адхіліў скаргі адвакатаў Бабарыкі на заключэнне пад варту.

Чытайце таксама: У штабе Бабарыка пракаментавалі відэа з Элайджа Вудам

2 ліпеня ў Менскім гарадзкім судзе быў вывешаны «Спіс крымінальных спраў апеляцыйнай інстанцыі, прызначаных да слухання», з якога грамадскасці і журналістам сталі вядомыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, па якіх абвінавачваюцца Віктар Бабарыка і яго сын і кіраўнік штаба, Эдуард.

Паводле спісу, Віктару Бабарыка прад’яўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 235 (Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, учыненыя паўторна, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, або ў асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт 431 (Даванне хабару паўторна або ў буйным памеры) КК РБ.

8 ліпеня абаронцы Віктара Бабарыкі абскардзілі генеральнаму пракурору правядзенне двух следчых дзеянняў, якія адбыліся 7 і 8 ліпеня.