Падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі сотням беларусаў прышлося сутыкнуцца з рэпрэсіямі і адвольнымі затрыманнямі. Ці так страшна сядзець на «сутках»? Як перажыць гэты перыяд з найменшымі стратамі? На самыя папулярныя пытанні адказаў «Белсат».
Што такое «суткі»?
Адміністрацыйны арышт або ў народзе «суткі» — гэта прысуд за парушэнне адміністрацыйнага кодэкса. Сесці, напрыклад, на 15 сутак можна не толькі за ўдзел у акцыі, аднак і за хатні гвалт, дробны крадзеж або знаходжанне ў нецвярозым выглядзе на вуліцы.

Максімальны прысуду за адзін пратакол — 15 сутак. За адное судовае паседжанне могуць пакараць максімальна 25 суткамі. Аднак беларуская гісторыя ведае выпадкі, калі некаторым актывістам прысуджалі па 15 сутак за кожны складзены пратакол, і ў выніку яны атрымоўвалі па 120 сутак. Гэтак здарылася з Youtube-блогерам з Барані Дзмітрыем Казловым (Шэры кот).
Чытайце таксама: «Не баіцеся, што суседзі тапкамі закідаюць?» Ціханоўскаму на судзе ў Гродне далі яшчэ 15 сутак
У Менску для ўтрымання на сутках ёсць спецыяльная ўстанова — Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на Акрэсціна. У іншых гарадах адміністрацыйна арыштаваныя ўтрымліваюцца ў Ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). Там жа могуць знаходзіцца і затрыманыя па крымінальных справах да следчага ізалятара (СІЗА).
Якія там умовы?
ЦІП або ІЧУ — не калонія і нават не СІЗА, таму ўмовы і распарадак так значна адрозніваюцца. Дарэчы, умовы ў менскім ЦІП часта лічацца горшымі па краіне.
Актывістка «Моладзевага блоку» Лізавета Пракопчык, якая двойчы была на сутках — увесну 2017 года пасля «дармаедскіх» пратэстаў і сёлета пасля акцыі з труной на фоне рэпетыцыі параду — апісвае ўмовы як спартанскія.
«Камеры розных памераў ад 2 да 8 чалавек. Двухпавярховыя ложкі, сталы і лавы, тумбачкі амаль для кожнага. Ёсць ракавіна і смярдзючы, але агароджаны, туалет.
Зараз — пагоршыліся
Праваабаронцы адзначаюць, што апошнім часам умовы ўтрымання на ЦІПе значна пагоршыліся. У людзей забіралі пасцельныя прыналежнасці днём, не дазваляюць сядзець і ляжаць на ложках, рэдка выходзяць на прагулку — прычым гуляюць не на вуліцы, а ў бетонным памяшканні, дзе няма даху. Часам супрацоўнікі ЦІП уначы кожныя некалькі гадзінаў выходзілі і будзілі людзей у камеры.
Зараз пад падставаю эпідэміі забароненыя сустрэчы з адвакатамі. Некалькі тыдняў былі забароненыя перадачы. Душ дазваляецца прымаць раз на 7 — 10 дзён, аднак палітык Мікалай Статкевіч распавядаў, што яму не давалі нармальна памыцца месяц.
Шмат актывістаў паведамляла, што адміністрацыя вылівае хлор у камеру — праз гэта людзі пачынаюць задыхацца.
Умовы залежаць ад стаўлення
Лізавета Пракопчык кажа, што шмат з таго, як да цябе будуць ставіцца на ЦІП, залежыць выключна ад твайго стаўлення да сітуацыі. Паводле яе, існуе некалькі рэжымаў, на якіх можна адсядзець.
«Лёгкі» — намагаешся не ўскладняць сабе жыццё і пагаджаешся з адміністрацыяй. «Сярэдні» — перыядычна нагадваеш адміністрацыі аб іх абавязках і просіш іх выконваць сваю працу. «Складаны» — усім выглядам паказваць, што табе не падабаецца знаходзіцца на сутках.
Часцей за ўсё сукамернікі - гэта бесхацінцы. У вас могуць запытацца, за што вы сядзіце. Лізавета зазначае, што ўсе ў адной сітуацыі, таму і стаўленне роўнае.
«Сярод мужчын шмат хто ведае аб «палітычных», сярод жанчын жа — наадварот. Часта даюць заўвагі накшталт «навошта табе яно, трэба ўжо дзяцей нараджаць, а не па мітынгам хадзіць», — расказвае Лізавета.
Праваабаронца Сяргей Усцінаў зазначае, што зараз умовы і стаўленне ўтрымання пераважна залежаць ад адміністрацыі ўстановы.
Чым займацца на сутках?
Графік не адрозніваецца разнастайнасцю. Можна чытаць (калі не забаранілі перадачы), гуляць у настольныя гульні, глядзець тэлебачанне пры магчымасці. Так прапісана ў заканадаўстве, аднак рэчаіснасць часта адрозніваецца.
«Я хацеў ахвяраваць тэлевізары ў ЦІП, але мне проста адмовілі ў гэтым. Уладам патрэбна, каб палітычныя пакутавалі. Навошта ім палягчаць умовы і ўносіць разнастайнасць у нуднае сядзенне. Яшчэ яны ўспрымаюць гэта як лішнюю працу, за якую аніхто не даплаціць», — кажа Сяргей Усцінаў.
Як скардзіцца на ўмовы?
Пасля акцыяў пратэсту ў ЦІПе забіраюць пісьмовыя прыналежнасці, таму пісаць скаргі вельмі складана. Можна скардзіцца на ўмовы ўтрымання толькі вусна.
Пасля вызвалення і праходжання ўсіх даступных сродкаў абароны на нацыянальным узроўні, можна падаваць скаргу ў камітэт па правах чалавека ААН.