Суд Кастрычніцкага раёна Мінска асудзіў блогера Эдуарда Пальчыса на 15 сутак. Прычыну блогер не ведае — у суд ён не хадзіў, піша tut.by. Як тлумачыць Пальчыс, хутчэй за ўсё, прычына — у тым, што ён здымаў на відэа чэргі да пікетаў па зборы подпісаў на Камароўцы ў Мінску.

На Камароўку Пальчыс па нядзелях прыходзіў двойчы. Там ён проста стаяў у баку і часам здымаў падзеі, якія адбываюцца на відэа, ў легальным зборы подпісаў удзелу не прымаў.

— Акрамя гэтых сутак, у пятніцу ў тым жа судзе будзе разглядацца яшчэ адзін пратакол. Так што ў тэорыі цэлых 30 сутак вы зможаце адпачываць ад доўгіх пастоў і доўгіх стрымаў, лета ўсё ж на двары. І ў любым выпадку не бойцеся і не панікуйце, — напісаў Пальчыс у сябе ў тэлеграм-канале.

Таксама ў Мінску разглядалася справа іншага youtube-блогера — Уладзіміра Цыгановіча (MozgON), паведамляе пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр «Вясна». У дадзены момант ён адбывае арышт, таму суд праходзіў праз Skype. Блогер абвінавачваўся ва ўдзеле ў акцыі каля Камароўскі 31 мая. Па словах сведкі, слупрацоўніка АМАПа Сяргея Сіманава, Цыгановіч выкрыкваў лозунгі, выяўляў непавагу да ўладаў. Суддзя прыняла рашэнне пакараць блогера новымі 15 суткамі арышту.

Таксама ў Мінску праходзяць дыстанцыйныя суды над Мікалаем Статкевічам, Максімам Вінярскім. Статкевічу зноў прысудзілі арышт, але які дакладна — пакуль невядома. У Наваполацку Алену Радзькову пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў). Яе судзілі па пратаколе па арт. 23.34 КаАП за тое, што 28 траўня яна прыняла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні.


З 24 мая на Камароўцы ў Мінску збіраліся шматлюдныя чэргі да пікетаў Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, піша TUT.BY. 11 чэрвеня Святлана Ціханоўская заявіла, што здымае свае пікеты па зборы подпісаў у Мінску і абласных гарадах на 12, 13 і 14 чэрвеня з-за асцярогі, што там могуць адбыцца правакацыі ў дачыненні да зборшчыкаў подпісаў. Да гэтага было затрымана больш за 10 сяброў ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

За ўдзел у пікетах па зборы подпісаў судзілі пераможцаў міжнародных алімпіяд, актывістаў і палітыкаў.

Чытайце таксама:
«Дачка пытаецца, дзе тата». Гродзенка распавяла, як разам з Ціханоўскім выпадкова затрымалі яе мужа

У «Белгазпрамбанк» увялі часовую адміністрацыю і канфіскавалі карціны на $ 20 мільёнаў