Першым замоўцам кнігі дызайнера Ігара Варкулевіча «50 адценняў парасячага» стала мастацтвазнаўца з Гродна Наталля Паўленка. Перадзамова на альбом па агратрэш архітэктуры адкрыта на Hrodna.life aд 27 мая. За першы тыдзень краўдфандынгу сабрана 10% неабходнай для выдання сумы.

Архітэктура стварае асобу, мяркуе Паўленка. Мы жывем у асяроддзі архітэктуры. Яна фармуе чалавека і задае стандарты. Заўважаем мы гэта, ці не усведамляем, але асяроддзе на нас уплывае.

Пішуцца толькі хвалебныя артыкулы

«Так атрымалася, што сапраўднай крытыкі ў Беларусі не існуе. Пішуцца альбо хвалебныя артыкулы, альбо паведамленні пра выставы. А вось крытыкі - няма. Атрымліваецца, што ўсе ў нас — зоркі на небасхіле».

Праз такую сітуацыю, на думку Наталлі Паўленкі, наша архітэктура значна адстала ад еўрапейскай. З аднаго боку мы маем добрыя навучальныя ўстановы, дзе архітэктары атрымліваюць добрыя веды, вучацца быць прафесіяналамі. З іншага — шмат папросту «брыдотных» пабудоваў.


«50 адценняў парасячага». Рыхтуецца да выдання кніга пра аграстайл-архітэктуру Гродна


«Я разумею, што многае скіравана, каб зрабіць танней. Але нават той жа функцыяналізм 30-х гадоў - ён быў вельмі прыгожы. То чаму зараз мы увайшлі у сістэму не зразумела чаго? Можа, усё звязана з выбарам заказчыка, які не мае густу і не ўяўляе, як намаляваны эскіз будзе выглядаць у рэальнасці? Як бы там не было, але брыдотных будынкаў стала вельмі шмат. Не разумею, чаму так атрымліваецца».

Кніга «ўдарыць кувалдай»

Адказ на пытанне Наталля бачыць найперш у адсутнасці крытыкі. Кніга, на яе думку, падымае гэта балючае для многіх пытанне.

«Калі б білі па пальцах за брыдоту, то можа і не было б такой сітуацыі. Але ніхто не б’е, — жартуе Паўленка. — То вось гэта кніга ўдарыць адразу кувалдай».

На думку мастацтвазнаўцы, аўтар знаходзіць трапныя параўнанні, як у выпадку з «гродзенскім ордэрам». «Калі ёсць параўнанне, гэта зразумела усім, бо відавочна. Можна доўга тлумачыць словамі, а можна аднойчы паказаць».

У кожным жарце ёсць доля жарту

Паводле Наталлі, кніга напісана з пэўнай доляй гумару. Цалкам пагаджацца з аўтарам зусім не абавязкова. «На тое ён і НЕ поўны даведнік, каб пакінуць прастору для дыскусіі».

«Мне падабаецца такая падача інфармацыі. Вельмі наглядная. Ідуць параўнанні з сур’езнымі законамі архітэктуры, якія працуюць. То чаму мы павінны шукаць нейкі свой шлях? Не трэба шукаць свой шлях, калі мы адсталі. Трэба найперш дагнаць. Трэба вучыцца на добрых прыкладах».

Мастацтвазнаўца ўзгадвае кітайскіх архітэктараў. Маўляў, з іх доўга кпілі, што яны капіруюць іншых. «Але на гэтых копіях яны навучыліся добраму густу і зараз робяць вельмі добры дызайн».

Кніга, як нагода для дыскусіі

Наталля кажа, што «50 адценняў парасячага» будзе выкарыстоўваць падчас выкладання гісторыі мастацтва. «Наогул люблю добрыя кніжкі. Але заўсёды прапаную найперш хадзіць па горадзе і глядзець на ўласныя вочы».

Яшчэ адна нагода набыць папяровую кнігу — магчымасць пабачыць пункт гледжання, адрозны ад уласнага. Калі шукаць інфармацыю толькі ў сеціве, то падсвядома найперш бачыш падмацаванне ўласнага меркавання.

Ірына Варкулевіч, фатографка «50 адценняў парасячага» (злева) і мастацтвазнаўца Наталля Паўленка

«У кнізе можа быць і тое, чаго б сам нават і не падумаў шукаць, альтэрнатыўная думка. А для творчага чалавека гэта вельмі важна».

Крытыка дзеля для работы над памылкамі

Увогуле, меркаваннем Паўленкі, зараз ёсць запыт на крытыку і аналіз. «Калі мы усе кажам «так», гэта часцей за ўсё нейкі стэрэатып, прымус ці бяздумная згода. Калі нехта гаворыць «не», спачатку гэта цяжка прыняць.

Праз тое, што у нас няма крытыкі, няма і аналізу. Таму нейкія хібы проста тыражуюцца і пашыраюцца. Крытыка — гэта шанец спыніцца і выправіць памылкі".

Замовіць кнігу і падтрымаць праект «50 адценняў парасячага» можна тут.


Таксама Hrodna.life рыхтуе да выдання кнігу «Гарадзенкі». Яна збярэ гісторыі жанчын сучаснага Гродна і нататкі пра жанчын у гісторыі горада. На гэту кнігу таксама адкрыты краўдфандынг.

Раней рэдакцыя двойчы паспяхова збірала грошы на выданне кніг з успамінамі гродзенцаў.