Савет ЕС ухваліў пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Беларуссю. Чакаецца, што яно ўступіць у сілу з 1 ліпеня, піша TUT.BY.

 — Сёння Савет ухваліў рашэнне аб заключэнні пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагаднення аб рэадмісіі з Беларуссю, — гаворыцца ў заяве Рады ЕС, распаўсюджанай у Бруселі.

У адпаведнасці з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт кароткатэрміновых шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян зніжаецца з 80 да 35 еўра. Скарачаецца спіс дакументаў, якія неабходна падаць пры звароце па візы, прадугледжваецца магчымасць выдачы шматразовых віз на тэрмін ад аднаго года да пяці гадоў. Час прыняцця рашэння аб выдачы візы скароціцца да 10 дзён, многія катэгорыі грамадзян змогуць звяртацца па бясплатную візу.

 — Мы чакаем, што ў бліжэйшы час атрымаем ад нашых еўрапейскіх партнёраў Афіцыйнае апавяшчэнне аб завяршэнні Еўрасаюзам афіцыйнай працэдуры ратыфікацыі, — пракаментаваў TUT.BY навіну намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі беларускага МЗС Андрэй Шупляк. Дыпламат дадаў, што калі такое апавяшчэнне паступіць да канца траўня, то ўжо з 1 ліпеня кошт «шэнгена» для беларусаў будзе складаць 35 еўраў замест цяперашніх 80.

Як раней тлумачылі ў беларускім МЗС, «пагадненні ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасля атрымання адпаведнага паведамлення ад еўрапейскага боку».

Пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі былі падпісаны 8 студзеня 2020 года ў Брусэлі.

Законы аб ратыфікацыі пагадненняў былі прынятыя Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі 2 красавіка. Аляксандр Лукашэнка падпісаў іх 9 красавіка, завяршыўшы працэдуру ратыфікацыі. 13 траўня пагадненні ўхваліў Еўрапарламент.