Беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі і бізнесоўцы паглыбляюцца ў фінансавыя цяжкасці. Многія прыпынілі працу, іншыя — яе перафарматавалі, а некаторыя — аказаліся на мяжы закрыцця. Belsat.eu паразмаўляў з уладальнікамі трох крамаў з нацыянальнай сімволікай, якія мусяць прасіць у грамадства фінансавай падтрымкі.

«Адметнасць» можа закрыцца

Крама «Адметнасць» у Гродне знаходзіцца па вуліцы Кірава, 3. Уладальнік — грамадскі актывіст Сяргей Верамеенка. Некалькі гадоў таму ён працаваў таксістам, але адчуваў, што можа займацца бізнесам, больш патрэбным для роднага горада. Стварыць краму было не так лёгка і хутка, як можа падавацца. Спатрэбіўся час, каб наладзіць сувязі з пастаўшчыкамі, якія будуць забяспечваць прадукцыяй «з разынкаю»:

«Каб было не сорамна перад спажыўцом. Зразумела, што прыйшлося залезці ў пазыкі, і нават трохі пазней прадаць аўтамабіль. Гэта было неабходна для пашырэння асартыменту і развіцця гандлю», — узгадвае Сяргей.

У краме 'Адметнасць'. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

Фінансавы складнік быў далёка не першасным у яго праекце. Ідэя адкрыцця крамы нацыянальна-патрыятычнай накіраванасці менавіта ў Гродне ўзнікла даўно. На той момант падобныя гандлёвыя кропкі ўжо існавалі амаль па ўсёй Беларусі.

Да пандэміі продажы былі больш-менш стабільнымі, асабліва напярэдадні святаў.

«Раптоўнае паніжэнне пакупніцкай здольнасці прымусіла беларусаў галоўным чынам глядзець у бок прадуктовых крамаў. „Сувенірка“ з адзеннем адышла на другі план. Нулявыя выручкі, часам некалькі дзён запар, сталіся не рэдкасцю. І гэта стала пагрозай існавання дзейнасці крамы», — рэзюмуе ўладальнік «Адметнасці».

Зараз усе квартальныя падаткі Сяргей аплаціў. Але па камунальных плацяжах і арэндзе ўтварылася значная запазычанасць. Былі думкі і аб дадатковым заробку, але крама забірае практычна ўвесь час. «Адметнасць» працуе без абеду і выхадных.

У краме 'Адметнасць'. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

«Калі яшчэ ўлічыць нашу рамесную, валанцёрскую і грамадска-палітычную дзейнасць, то на дадатковую падпрацоўку не застаецца ані хвіліны», — дадае Сяргей.

Ахвяраваныя грошы дапамогуць уладальніку «Адметнасці» разлічыцца паводле запазычанасці ды зрабіць невялікую перадышку для Сяргея і ягонай жонкі ў складанай сітуацыі.

Якім яшчэ крамам патрэбная дапамога?

Крама «Князь Вітаўт» у Брэсце (Савецкая, 55) працуе з 1 траўня 2017 года.

«Пра заробках з гэтага, прынамсі ў бліжэйшыя гады, не было і думкі. Хацелася вучыць мову, гісторыю, быць нацыянальна свядомымі і спрыяць прасоўванню беларускасці», — кажа суўладальнік крамы Алег Чапараў.

Пандэмія парушыла звыклы лад працы. Пачалі збірацца запазычанасці перад банкамі, арэндадаўцамі і пастаўшчыкамі.

«Прыйшлося накіраваць у адпачынак прадаўцоў, бухгалтара і менеджара старонкі, на палову ўрэзаўшы ім заробак, самім застацца без заробкаў, сеўшы за касу ў краме. Выставіць у продаж аўто… Двое з маіх кампаньёнаў ужо працуюць на іншых працах, што дазваляе ім хоць неяк цягнуць сем'і», — працягвае свой расповед прадпрымальнік.

Крама «Росквіт» у Баранавічах знаходзіцца на праспекце Савецкім, 35. Уладальнік Юры Казакевіч кажа, што ў апошні год справы пайшлі лепш, пазыкаў рабілася менш, а выбар багацеў. Але пачаткам пандэміі ўсё паляцела бумерангам.

«Людзі перасталі нешта набываць і нават заходзіць у краму. Спачатку ўсе куплялі харчы і туалетную паперу, потым сталі „затаварвацца“ дарагой бытавой тэхнікай. Ім стала не да нас», — з прыкрасцю разважае бізнесовец.

Супрацоўнікі, ведаючы фінансавую сітуацыю «Росквіту», пазнаходзілі сабе іншую працу. Цяпер Юры па чарзе з жонкаю самі працуюць за касаю штодня да 19:00 без выходных. Калі зараз крама зачыніцца, надзеі на яе аднаўленне пазней — няма.

Падтрымаць патрыятычныя крамы ў Гродне, Брэсце і Баранавічах можна на MolaMola: