Ад сярэдзіны сакавіка ўсе нашыя суседзі закрылі межы для ўезду неграмадзянам. Беларусь гасцінна пакінула шлагбаумы паднятымі, хоць у краіну госці асабліва не рвуцца. Belsat.eu даведаўся, якія суседнія дзяржавы можам наведаць і на якіх умовах.

Польшча пашырыла спіс уязных

Дакументы, якія даюць права на перабыванне ў Польшчы падчас эпідэміі. Фота: «Белсат»

Ад 22 траўня ў Польшчу могуць уязджаць студэнты польскіх універсітэтаў і тыя, хто прыязджае на сезонную працу на польскія фермы. Цяпер могуць уязджаць і дальнабойнікі неслужбовымі аўтамабілямі транзітам праз Польшчу на месца выканання працы.

Апроч новых магчымасцяў, раней атрымліваць візы і ўязджаць у Польшчу маглі і дагэтуль могуць:

• уладальнікі сталага віду на жыхарства,

• уладальнікі часовага віду на жыхарства,

• сужэнцы і дзеці грамадзянаў Польшчы,

• уладальнікі Карты Паляка,

• дальнабойнікі, кіроўцы і экіпаж міжнародных маршрутаў,

• дыпламаты і іхныя сем'і,

• хто едзе ў Польшчу на працу,

• хто едзе на пахаванне блізкага сваяка.

Бязвіз у Расею застаецца, але…

Беларуска-расейская мяжа. Фота: ТАСС

Расея зачыніла свае межы з Беларуссю 18 сакавіка, ня гледзячы на крыўду Аляксандра Лукашэнкі. На гэтым этапе эпідэміі абмежаванняў у наведванні Расеі не маюць:

• уладальнікі сталага віду на жыхарства,

• сем'і ці апекуны грамадзянаў Расеі,

• дальнабойнікі, кіроўцы і экіпаж міжнародных маршрутаў,

• дыпламаты і іх сем'і,

• работнікі міжнародных арганізацыяў,

• людзі, якія едуць на пахаванне блізкага сваяка.

Ва Украіне памякчэнне каранціну

Пашпарт грамадзяніна Беларусі. Фота: «Белсат»

15 чэрвеня Украіна плануе цалкам зняць звязаныя з эпідэміяй абмежаванні. Праграму Кіеў праводзіць у пяць этапаў. Для замежнікаў гэта станецца адкрыццём чыгуначных і авіяцыйных спалучэнняў. Цяпер прыехаць ва Украіну наземным транспартам могуць:

• уладальнікі сталага віду на жыхарства,

• ці часовага віду на жыхарства,

• сужэнцы ці дзеці грамадзянаў Украіны,

• дальнабойнікі, кіроўцы і экіпаж міжнародных маршрутаў,

• дыпламаты і іх сем'і,

• людзі, якія едуць на пахаванне блізкага сваяка.

У Літве застаецца каранцін

Пашпартны кантроль. Фото: REUTERS/Vasily Fedosenko

Афіцыйная Вільня трымае каранцінныя захады ўнутры краіны і на яе межах да 31 траўня. Перасекчы беларуска-літоўскую мяжу могуць:

• уладальнікі сталага віду на жыхарства,

• уладальнікі працоўнай візы,

• дальнабойнікі, кіроўцы і экіпаж міжнародных маршрутаў,

• сем'і грамадзянаў Літвы.

Латвія працягнула надзвычайны стан

У Латвіі ў сувязі з эпідэміяй падоўжылі надзвычайнае становішча. Ілюстратыўны здымак Pixaby

Паўночная суседка Латвія захоўвае найбольш жорсткія захады бяспекі. Надзвычайны стан падоўжаны да 9 чэрвеня. У суайчыннікаў, якія хочуць трапіць у Латвію, ёсць магчымасць атрымаць візу і трапіць у краіну наземным шляхам:

• уладальнікі сталага віду жыхарства,

• сем'і грамадзянаў Латвіі,

• дальнабойнікі, кіроўцы і экіпаж міжнародных маршрутаў,

• дыпламаты і іх сем'і,

• адмыслоўцы ў галіне аховы здароўя, даследнікі сродкаў аховы здароўя і работнікі сацыяльных службаў,

• хто едзе да цяжка хворага блізкага сваяка,

• хто едзе на пахаванні блізкага сваяка.

Ва ўсе згаданыя краіны можна заехаць толькі на аўтобусе ці на аўто. Рух цягнікоў праз мяжу не ажыццяўляецца. Пры перасячэнні мяжы варта памятаць, што не ўсе пункты пропуску адчыненыя. Абавязковым для беларусаў і іншых замежнікаў застаецца абавязак адбыць 14 дзён каранціну ў краіне прыбыцця. Ізаляцыю абмінаюць дыпламаты, дальнабойнікі, кіроўцы і экіпажы міжнародных маршрутаў. Тэрмін у ізаляцыі можна скараціць нават да 5 дзён (да прыкладу, у Польшчы), калі адразу па прыездзе зробіце тэст на каронавірус за свой кошт.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 2 ліпеня ў Беларусі пацверджана 62 698 выпадкі каранавіруса, ачунялі 48 738 пацыенты, памёрлі 405 чалавек.

Хроніка каранавіруса ў Гродне