З 22 траўня ў Польшчы пашырылі спіс асоб, якім дазволена ўязджаць у краіну. Сярод іх з’явіліся навучэнцы і студэнты, што вучацца ў Польшчы. Акрамя таго, замежнікам, якія прыязджаюць на польскія фермы з краін — суседак Польшчы на Усходзе, дазволілі працаваць адразу пасля прыбыцця.

Польшча скасавала каранцін для сезонных працоўных з Беларусі і Украіны і замежных студэнтаў
Фота ілюстрацыйнае

Міністр сельскай гаспадаркі Ян Арданоўскі заявіў, што замежнікі, якія прыбываюць на ​​фермы, могуць падчас каранціну выконваць сваю працу з першага дня знаходжання. Гэта тычыцца краін, якія мяжуюць з Польшчай на Усходзе, піша polskieradio.pl. Іншых галін гэта не датычыцца.

Для прыезджых распрацаваны спецыяльныя санітарныя працэдуры. Для сезонных работнікаў прадугледзяць асобныя ўваходы, санітарныя вузлы. Іх кантакты з іншымі людзьмі звядуць да мінімуму, а іх саміх падзеляць на меншыя групы, каб у выпадку захворвання іх было прасцей шпіталізаваць.

Нядаўна прыбылым працаўнікам будуць рабіць тэсты на каранавірус за кошт фермераў.

Міністр таксама заклікаў палякаў, якія цяпер не працуюць, разгледзець магчымасць сезоннай працы ў аграрным сектары. Ён дадаў, што стаўкі ў гэтай сферы «ўсё больш прывабныя».

Дазволілі прыязджаць студэнтам

Студэнты і навучэнцы ў Польшчы вызваляюцца ад неабходнасці знаходжання на 14-дзённым карантыне ў самаізаляцыі пасля прыезду ў краіну з-за мяжы, піша euroby.info.

Дазвол на ўезд у краіну замежных студэнтаў прагучаў пасля таго, як у Польшчы прызначылі экзамены. Іх запланавалі правесці з 8 чэрвеня па 28 жніўня.

Па неправеранай пакуль інфармацыі, акрамя студэнцкага (легітымацыі), для перасячэння мяжы патрэбныя таксама дакументальнае пацверджанне ад польскага ВНУ / школы аб праходжанні там навучання.

Чытайце таксама: З Гродна ў Польшчу падчас пандэміі. Кіроўца адзінага рэйса распавёў, колькі каштуе квіток і што спытаюць на мяжы

Акрамя студэнтаў, спіс тых, каму дазволены ўезд у Польшчу з 22 траўня, папоўніўся дальнабойнікамі, што едуць транзітам праз Польшчу на працу, альбо з месца выканання працы і едуць не на службовым аўтамабілі. Таксама цяпер могуць ехаць грамадзяне Еўрасаюза з сем’ямі транзітам праз Польшчу.

Чытайце таксама: Польшча плануе адкрыць межы з 15 чэрвеня