Намесніца старшыні Гродзенскага аблвыканкама Алена Бубенчык пакінула свой пост. Інфармацыю TUT.BY пацвердзілі ў аблвыканкаме.

Паводле інфармацыі некаторых крыніц, Алена Бубенчык будзе працаваць намесніцай генеральнага дырэктара Гродзенскай тытунёвай фабрыкі. Аднак на прадпрыемстве гэтую інфармацыю не пацвярджаюць.

Я такіх звестак не маю. Калі будзе нейкі афіцыйны дакумент, тады і можна нешта каментаваць, — сказаў памочнік генеральнага дырэктара Дзмітрый Чугай.

Алена Бубенчык мае некалькі старонак у сацыяльных сетках, найбольш актыўную — у Instagram. Там журналісты задалі экс-чыноўніцы пытанне аб пераходзе на іншую працу, аднак адказу пакуль не атрымалі.

Раней некаторыя медыя называлі Алену Бубенчык адной з самых сэксуальных чыноўніц Беларусі. Таксама адзначалі яе выбар адзення — не толькі чорна-белага дзелавога, як прынята сярод чыноўнікаў.

Хто замест Бубенчык?

Аляксандр Лукашэнка даў згоду на прызначэнне Віталя Няверы намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама, паведамляе «Гродна Плюс». Да гэтага Нявера быў старшынёй камітэта дзяржаўнай маёмасці ў Гродзенскім аблвыканкаме. А яшчэ раней — намеснікам старшыні Лідскага райвыканкама.

Віталь Нявера

Алена Бубенчык — ураджэнка Горак. У 2000 годзе яна скончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Але працоўную дзейнасць пачала яшчэ ў 1998 годзе галоўнай бухгалтаркай калгаса «Прагрэс» Мастоўскага раёна. У 2009 годзе кар’ера маладой чыноўніцы пайшла ў гару, калі Бубенчык (да замужжа — Агей) стала начальніцай аддзела транспарту і камунікацый Гродзенскага аблвыканкама. З 2012 па 2014 год была віцэ-мэрам Гродна. Са студзеня 2014 года — намесніца старшыні Гродзенскага аблвыканкама, курыравала эканамічныя пытанні.