На сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з’явіўся спіс рэкамендацый для Беларусі па выніках місіі экспертаў, якія ацэньвалі, як у нас змагаюцца з каранавірусам. СААЗ рэкамендуе адкласці ўсе масавыя мерапрыемствы, а таксама перавесці школы і ўніверсітэты на дыстанцыйнае навучанне, піша tut.by.

Місія СААЗ прыбыла ў Беларусь па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Незалежныя эксперты павінны былі ацаніць, як краіна вырашае праблему з распаўсюджваннем каранавіруса і даць свае рэкамендацыі.

Спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пабывалі ў бальніцах у Мінску, Віцебскай і Мінскай абласцях. На выніковай прэс-канферэнцыі яны сказалі, што самі выбіралі ўстановы аховы здароўя і ня сустракалі перашкод з боку беларускіх уладаў.

Сярод станоўчых момантаў СААЗ адзначыла сістэмны падыход эпіднагляду ў Беларусі, адсочванне кантактаў і ізаляцыю хворых, наяўнасць лабараторый для апрацоўкі тэстаў, размежаванне пацыентаў у паліклініках і бальніцах. Эксперты далі станоўчую ацэнку аператыўнай арганізацыі вытворчасці сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў унутры краіны, паколькі пастаўкі на глабальным рынку скарачаюцца.

Асноўныя рэкамендацыі СААЗ

Узмацніць сацыяльнае дыстанцыяванне. Гаворка ідзе не пра самаізаляцыю, а пра тое, каб максімальна скараціць неабавязковыя перамяшчэнні, асабліва для людзей групы рызыкі. Неабходна адкласці ўсе масавыя мерапрыемствы — і культурныя, і спартыўныя, і рэлігійныя. Школы і ўніверсітэты варта перавесці на дыстанцыйнае навучанне, увесці варыянты аддаленай працы.

Абедзве гэтыя рэкамендацыі на дадзены момант Беларусь не выконвае альбо выконвае часткова: дзеці пайшлі ў школы пасля вакацый (аднак ёсць магчымасць застацца дома), па-ранейшаму праходзіць чэмпіянат па футболе, цэрквы і касцёлы былі адчыненыя на Вербніцу і Вялікдзень. Працягваецца падрыхтоўка да параду на 9 траўня.

Інфармаванне грамадскасці. Дзяржава павінна папярэджваць людзей пра рызыкі, даваць рэкамендацыі адносна здароўя, мераў рэагавання. Гэта не заўсёды выконваецца: напрыклад, 18 і 19 красавіка Міністэрства аховы здароўя не паведамляла статыстыку па павелічэнні ліку заражаных, дадзеныя абнавіліся 20 красавіка.

Змяшчаць на каранцін пацыентаў з COVID-19 і іх кантакты. Гэтая рэкамендацыя выконваецца, за парушенне рэжыму самаізаляцыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (штраф да 30 б.в.), а ў выпадку заражэння іншага чалавека — крымінальная.

Працяг аказання асноўных медыка-санітарных паслуг і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі, якая патрабуецца асабліва найбольш уразлівым.

Дадзеная рэкамендацыя выконваецца, для сталых людзей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, арганізавана дастаўка на дом прадуктаў і лекаў сіламі сацыяльных работнікаў і валанцёраў.

Міжгаліновае супрацоўніцтва. Гэтая рэкамендацыя таксама выконваецца. У Міністэрстве аховы здароўя рэгулярна сустракаюцца спецыялісты розных органаў улады для выпрацоўкі агульных рашэнняў па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса.

Вялікія мерапрыемствы, якія нас чакаюць

25 красавіка — рэспубліканскі суботнік.

Прэзідэнт Беларусі не бачыць падстаў для пераносу рэспубліканскага суботніка, паведамляе belta.by.

«Той, хто працуе, — яны адпрацуюць. Мы, чыноўнікі, вядома, сваю зарплату таксама пералічым у фонд суботніка, таму што гэта святая справа», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

З 14 па 23 красавіка 2020 г. у Гродне праходзіць гарадскі суботнік.

9 Траўня- ваенны парад.

14 красавіка ў Савет міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта перадалі петыцыю з 2,5 тысячамі подпісаў, піша tut.by. У ёй патрабуюць адмены ваеннага параду 9 Траўня і перанакіравання сродкаў для закупкі апаратаў ШВЛ. Мінабароны адказала адмовай.

9 траўня парад
Парад у Гродне

18−20 траўня — святкаванне 500-годдзя манастыра ў Жыровічах.

Мерапрыемствы пакуль не адмянілі, хоць у Свята-Успенскім Жыровіцкім манастыры і ў доме паломнікаў да 10 траўня прыпынілі прыём наведвальнікаў, піша tut.by. Архіепіскап Навагрудскі і Слонімскі Гурый — у рэанімацыі з пнеўманіяй.

5−6 чэрвеня — Фестываль нацыянальных культур.

Маштабны фестываль праходзіць у Гродне раз на два гады. У рамках падрыхтоўкі да яго на вуліцы Савецкай ўсталююць новую гарадскую скульптуру — святога Губерта.