Хакеісты гродзенскага «Нёмана» з 18 красавіка знаходзяцца дома на каранціне. У большай часткі каманды станоўчыя тэст на Covid-19. Інфармацыю Hrodna.life пацвердзіла набліжаная да клуба крыніца. Афіцыйна прэс-служба чутак пра заражэнні не каментуе.

Першыя станоўчыя тэсты атрымалі легіянеры каманды, якія вярнуліся ў Фінляндыю: Валттэры Хіетанен, Йоонас Хуррам, Самі Йекунен і Ціма Хільтунен. 11 красавіка яны з’ехалі з Гродна, 13 красавіка ў аэрапорце Хельсінкі ў іх узялі аналізы.

Пасля гэтага аналізы здалі хакеісты, якія жывуць у Гродне. У большасці з іх тэст паказаў станоўчы вынік. Акрамя гульцоў заразіўся і персанал клуба.

Каманда з 18 красавіка знаходзіцца на каранціне. Некаторыя з хакеістаў ізаляваліся раней, пасля таго як атрымалі інфармацыю ад фінскіх калег. Пакуль каранцін у камандзе падоўжаны да 24 красавіка.

У каментары для by.tribuna.com намеснік гендырэктара «Нёмана» Анатоль Варывончык пра каранавірус маўчыць і называе каранцін «назапашанымі адгуламі».

«З 13 красавіка наша каманда знаходзіцца ў адгулах, якія назапасіліся за час гульнявога сезону. Да гэтага мы трэніраваліся. Апошні занятак прайшоў 11 красавіка. У адгуле каманда будзе знаходзіцца да канца месяца», — сказаў Варывончык.

Інфармацыю аб заражэнні фінскіх легіянераў ён таксама не пацвярджае.

«У мяне гэтай інфармацыі няма. Фінскія легіянеры 13 красавіка паляцелі на Радзіму, перад гэтым разарваўшы з намі кантракты па пагадненні бакоў», — сказаў Варывончык.

Таксама вядома, што ёсць хворыя, як у «Нёмане-2», так і юніёрскіх камандах. Паводле інфармацыі телеграм-канала NEXTA Live, сярод юніёраў заразіліся 17 чалавек. Паводле інфармацыі Hrodna.life колькасць заражаных сярод супрацоўнікаў клуба набліжаецца да 30.


Свой сезон у чэмпіянаце Беларусі «Нёман» скончыў 24 сакавіка. Тады ў Гродне падапечныя Сяргея Пушкова пры поўнай арэне (больш за 2000 чалавек) прайгралі вырашальны матч салігорскаму «Шахцёру».

Хроніка каранавіруса ў Гродне

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.