Вёска Нарчы ў Шчучынскім раёне згарэла амаль цалкам: 20 дамоў з 27. Прычынай стала спроба мясцовага жыхара выпаліць сухую траву на сваім падворку. Вецер разнёс агонь па хатах і дварах, большасць з якіх былі закінутыя, піша Белсат.

Сёння вёска Нарчы нагадвае здымачную пляцоўку «Беларусьфільму» для стужкі пра партызанаў і карнікаў. Самотныя коміны на месцы колішніх хатаў, абгарэлыя дрэвы, дзе-нідзе дым яшчэ падымаецца над гурбамі попелу ды счарнелага металалому.
Дзядуля з хаты на пачатку вёскі ідзе аглядаць наступствы трагедыі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Дзядуля з хаты на пачатку вёскі ідзе аглядаць наступствы трагедыі. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

На месцы ўжо другі дзень працуюць супрацоўнікі МНС ды СК. Пажарнікі з брандспойтаў тушаць яшчэ цалкам не прагарэлыя месцы, следчыя фатаграфуюць ды бяруць тлумачэнні ў нешматлікіх мясцовых жыхароў.

На месцы працуюць супрацоўнікі СК. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
На месцы працуюць супрацоўнікі СК. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

«Я вось 25 год працую, але такога не было, каб уся вёска, — кажа супрацоўнік МНС. — Усё згарэла, самі бачыце. Добра, што ахвяраў няма: хаты пустыя былі. Нейкія закінутыя, нейкія як лецішчы, відаць, выкарыстоўвалі».

Працуюць супрацоўнікі МНС. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Працуюць супрацоўнікі МНС. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

Троху далей электрыкі працуюць на слупе з правадамі. Падачу электраэнергіі спынілі на час пажару і тушэння, зараз пакрысе аднаўляюць. Кажуць, што калі хаця б адна хата засталася жылой, то людзям трэба даць святло.

Працуюць супрацоўнікі МНС. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Працуюць супрацоўнікі МНС. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

«Каб вецер быў у іншы бок, то мае бацькі б загінулі, — распавядае Ірына. — Сусед паліў траву на падворку, яму 70 год, а пасля ў хату схаваўся. Агонь пайшоў далей… Вецер быў вельмі моцны, кажуць, 20 метраў на секунду. Галоўнае, што людзі жывыя. Там яшчэ крыж застаўся драўляны. Як яго агонь не зачапіў? Нават і не ведаю».

 Драўляны крыж не згарэў тольі цудам. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Драўляны крыж не згарэў тольі цудам. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

Хата 70-гадовага суседа Ірыны, з падворку якога і пайшоў пажар, надзіва, ацалела. Трава ў яго выпаленая толькі на падворку. Кажуць, што мужчына быў не супраць выпіць, але ці быў п’яны ў дзень пажару — невядома.

Наступствы пажару ў вёсцы Нарчы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Наступствы пажару ў вёсцы Нарчы. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"

Ірына кажа, што суседа забрала дачка. Ён на дадзены момант не ў вёсцы, але, нібыта, і не знаходзіцца пад вартай. Праверку па факце пажару праводзіць Следчы камітэт.

Наступствы пажару ў вёсцы Нарчы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Наступствы пажару ў вёсцы Нарчы. Фота — Васіль Малчанаў/"Белсат"