У Мінску ад каранавіруса памёр 60-гадовы інжынер аднаго з сакрэтных прадпрыемстваў. У яго не было хранічных захворванняў

Вечарам 3 красавіка, прыкладна, а 17:30, у Мінску памёр 60-гадовы Сяргей Г. Яго шпіталізавалі яшчэ 17 сакавіка. Пра гэта n*.by <расказала дачка нябожчыка Ганна.

«12 сакавіка тата прыйшоў дадому з павышанай тэмпературай. Яму было кепска, было каля 38 градусаў. На наступны дзень ён не пайшоў на працу. 14 сакавіка выклікалі хуткую дапамогу, яны параілі збіваць тэмпературу парацэтамолам. Нейкі час тэмпература падала, а потым зноў паднялася. У трэцюю бальніцу тату забралі 17 сакавіка, выявілі прыкаранёвую пнеўманію.

Рабілі мазкі на каранавірус, але першы даў адмоўны вынік. Таму тата ляжаў у звычайнай пульманалогіі, мы яго наведвалі. У панядзелак, 23 сакавіка, яго павінны былі павезці на рэнтген, але ён не дайшоў, стала кепска, забралі ў рэанімацыю. Спачатку ён быў на кіслароднай падушцы, а потым перавялі на штучную вентыляцыю лёгкіх", — кажа Ганна.

Другі мазок на каранавірус даў нешта сярэдняе між каранавірусам і грыпам. І толькі трэці мазок паказаў станоўчы вынік, расказвае дачка. Вынікі гэтага мазка сталі вядомыя 27 сакавіка, а бралі яго за два дні да гэтага. Пасля гэтага шпіталізавалі і сваякоў Сяргея Г., у тым ліку ягоную дачку разам з хлопцам.

Таксама каранавірус быў выяўлены ў старэйшай сястры Сяргея Г. Вольгі, яна цяпер у цяжкім стане.

«Тата разам з сястрой ездзілі толькі на рынак „Экспабел“ 7 сакавіка. Куплялі падушку і коўдру ў падарунак сваёй маме. Яна жыве з намі, ёй 93 гады, вынік на каранавірус у яе быў адмоўны. Хіба што тады маглі дзесьці заразіцца. У таты не было хранічных захворванняў. На працы ён пастаянна праходзіў поўны медыцынскі агляд, здаваў аналізы, рабіў прышчэпкі», — расказвае Ганна.

Сяргей Г. працаваў інжынерам на адным з мінскіх сакрэтных прадпрыемстваў. Сам ён мінчук, вучыўся на фізфаку БДУ.

Дачка кажа, што на працу часам ездзіў не на машыне, а на метро. «Магчыма, і там мог падчапіць. Ён перахварэў у канцы студзеня, таму арганізм мог быць аслаблены. За мяжой ён даўно не быў». У сям'і была версія, што заразіцца ён мог і ў бальніцы, але тады незразумела, адкуль каранавірус у сястры.

Апошнія дні было ўжо зразумела, што Сяргей Г. у цяжкім стане. «Пару дзён таму адзін вельмі добры доктар з рэанімацыі сказаў, што ў таты стабільны пульс, вельмі добрая частата сэрцабіцця. І калі ён пратрымаецца яшчэ 3−5 дзён, то ёсць шанец, што выратуецца. Пра смерць мне паведаміў той самы доктар, ён шмат прасіў прабачэння, што не змаглі выратаваць. Раней гэты

доктар казаў, што цяпер іх на ўсю рэанімацыю засталося тры чалавекі, фактычна, яны жывуць там», — расказвае дачка памерлага.

Што тычыцца самой Ганны і яе хлопца, то наступны мазок на каранавірус у іх будуць браць 7 красавіка, а пасля вынікаў могуць выпісаць.

«Тату крэміруюць. Гэта наша сямейная традыцыя. Спадзяёмся, мы атрымаем урну з прахам, каб мець магчымасць усёй сям’ёй з ім развітацца», — кажа Ганна.

«Будзем глядзець, што менавіта запішуць у якасці прычыны смерці. У нас жа любяць прыгожа напісаць, нібыта гэта быў і не каранавірус. Я лічу, што тут важная публічнасць і адкрытасць. Інфармацыі ад нашых СМІ я давяраю больш, чым афіцыйнай», — заканчвае дзяўчына.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У Гродзенскай вобласці - найхутчэйшы рост цэн на прадукты. Што стала есці даражэй?

Найхутчэйшы рост цэн на харчовую прадукцыю ў Беларусі назіраецца ў Гродзенскай вобласці. За першы квартал…

2 мая 2024

Школьнікі з Гродна наведалі ізалятар і стрым з вязнем гродзенскай турмы

Гродзенскіх школьнікаў прывялі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гэта адбылося ў межах экскурсіі, паведаміла прэс-служба Упраўлення…

2 мая 2024

У цэнтры Гродна заканчваюць будаваць буйны офіс для айцішнікаў

У цэнтры Гродна дабудоўваюць офіс IT-кампаніі “Афранс”. Ён будзе складацца з двух будынкаў на вуліцы…

2 мая 2024

ІП везла праз мяжу б/у рэчы для дабрачыннай арганізацыі - вось за што яе аштрафавалі

Атрымаць тавары з-за мяжы павінна была рэлігійная місія Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» Гродзенскай дыяцэзіі. Памежнікі…

1 мая 2024

У гістарычным цэнтры Гродна прадаюць вялізную кватэру з вінным склепам — за $ 266 500

На вуліцы 17 верасня, 59/3 можна набыць кватэру ў цалкам адрэстаўраваным будынку 1925 года пабудовы.…

1 мая 2024

Цэны на арэнду кватэр у Гродне пайшлі ўгору перад доўгімі выхаднымі - чакаецца лавіна турыстаў

У Гродне пачаўся рост цэн за арэнду кватэры на майскія святы. Гэта звязваюць з плынню…

1 мая 2024