Беларус вярнуўся з Польшчы адным аўтобусам з магчыма хворым на COVID-19. Мужчына распавёў «Белсату», што ўражаны ўзроўнем небяспекі для памежнікаў і эпідэмслужбы ды ўмовамі «самаізаляцыі» ў Беларусі.

Гарадзенец Павел М. пастаянна жыве ў Польшчы, працуе, атрымлівае від на жыхарства. Але падчас пандэміі працы стала адчувальна менш, і таму Павел паехаў дадому.

— Польшча закрылася на каранцін — і правільна зрабіла, — кажа малады мужчына. — Я вырашыў на гэты час вярнуцца ў Горадню, дзе сваякі, дзе ўсё блізка і больш спакойна. Праз амбасаду Беларусі ў Варшаве высветліў, як можна выехаць. Сазваніўся з турыстычным агенцтвам, зарэзерваваў месца ў аўтобусе. І вось гэтымі днямі прыехаў на вакзал. Аўтобус, які ехаў з Варшавы праз Горадню ў Менск, мусіў сабраць больш за 20 пасажыраў, іначай мы б не паехалі. Агулам было 35 пасажыраў, больш за палову — без масак. На памежным пераходзе Брузгі з польскага боку праблемаў з выездам не было, толькі спраўдзілі дакументы. А вось на беларускім баку ў аўтобус спачатку зайшоў працаўнік Санэпідэмслужбы. Хаця ён быў у масцы і пальчатках, з вопраткі на ім была звычайная працоўная роба з надпісамі. Інспектар раздаў анкеты для запаўнення — адрас рэгістрацыі, месца працы і кантактныя тэлефоны — і памяткі з правіламі паводзінаў грамадзянаў на самаізаляцыі ў Беларусі. Санінспектар папярэдзіў пасажыраў, што, прыехаўшы дадому, яны мусяць самаізалявацца на 14 дзён, каб не разносіць каронавірус.

Фота прадстаўлена Паўлам М.
Фота прадстаўлена Паўлам М.

— У вас бралі аналізы на COVID-19?

— Не, але пасля прыйшла яшчэ і санінспектарка з лазернымі тэрмометрамі, і яны пачалі спраўджваць ва ўсіх тэмпературу. У двух пасажыраў - маладога хлопца і дзяўчыны — тэмпература была падвышаная. Іх папрасілі прайсці ў адмысловую кабінку, дзе звычайна пашпартны кантроль, а цяпер памяшканне для санітарна-эпідэміялагічнай службы. Праз вакно было бачна, што ім мераюць тэмпературу ўжо ртутнымі градуснікамі і праслухваюць стэтаскопамі. Хіба шукалі, ці ёсць хрыпы ў лёгкіх. Дзяўчыну адпусцілі амаль адразу, яна прайшла ў аўтобус. А з хлопцам, падобна, была праблема, падвышаная тэмпература, што цяпер можа быць прыкметай і хваробы на каронавірус. Хаця цалкам магчыма, што гэты пасажыр проста прастыў.

Фота прадстаўлена Паўлам М.
— Яго адразу ізалявалі ад вас?

— Не, толькі апранулі маску на твар — звычайную медычную. Пусцілі без чаргі на пашпартны кантроль, аддалі пашпарт, і ён з санэпід-інспектарам зайшоў у аўтобус. Пакуль мы стаялі на пашпартным кантролі, я спадзяваўся, што ён толькі зайшоў за сваімі рэчамі, але ён не выходзіў. Як потым патлумачыў кіроўца, паводле правілаў пасажыр з тэмпературай мусіць дачакацца беларускай хуткай дапамогі разам з намі, і мы не можам яго пакінуць на мяжы і ехаць далей.

— Як адрэагавалі людзі?

— Пасажыры ў аўтобусе пачалі абмяркоўваць, чаму ён не можа застацца ў кабінцы Санэпід-службы, чаму яны ўвогуле не падрыхтаваныя да такога пацыента — і сябе добра не забяспечылі, і да нас у аўтобус чалавека з падазрэннем на каронавірус вярнулі. Хуткую мы чакалі дзесьці 2 гадзіны. Адзін з пасажыраў дазваніўся на «нумар даверу» медычных службаў - яму сказалі, што «гэта выклік не тэрміновы, чакайце». А час цягнуўся, і падавалася, што мы стаім на мяжы вечнасць…

— Вы адчувалі сябе ў бяспецы?

— Вірус ёсць вірус, ён перадаецца вельмі хутка і лёгка. І калі з намі пасажыр з тэмпературай ехаў разам 5 гадзінаў, то навошта падвяргаць небяспецы працаўнікоў памежнай і медычнай службы? Яны не мелі адпаведнага абсталявання ды нават адмысловага пакою, абцягнутага поліэтыленам. Хаця справа не толькі ў нашых службах. Кіроўцам польскай аўтобуснай фірмы таксама можна было б выдаць электронны дыстанцыйны тэрмометр, каб спраўджваць стан пасажыраў перад пасадкай. Неяк гэта ўсё зроблена «для галачкі». Таксама я б хацеў звярнуць увагу тых, хто хоча ехаць у Беларусь з-за мяжы, каб прымалі захады бяспекі. Бо мы ж не ведаем, з кім едзем у аўтобусе ў зачыненай прасторы. Нейкія гумавыя пальчаткі, маскі мусяць з сабой быць. І лепш, каб масак было больш, на змену за некалькі гадзінаў.

Фота прадстаўлена Паўлам М.
Фота прадстаўлена Паўлам М.

— А што з пытаннем асабіста вашай самаізаляцыі пасля прыезду?

— У мяне цяпер прайшоў другі дзень, я сяджу дома. Пакуль ніхто не тэлефанаваў, не спраўджваў, ці выконваю я гэтыя патрабаванні. Усё трымаецца на ўласным сумленні. Асобнае пытанне выклікае памятка для грамадзянаў у самаізаляцыі, выданая на мяжы. Там ёсць фармулёўкі: «рэжым самаізаляцыі неабходна выконваць для ўласнай бяспекі і бяспекі навакольных людзей», «у выпадку самаізаляцыі вам неабходна застацца дома, забяспечыць сябе дастаўкай харчоў» і г. д. Ёсць апісанне, як жыць з іншымі людзьмі ў адной кватэры, як карыстацца маскамі. Гэта, канешне, карысна ведаць, але ці выконваць гэтыя правілы — мой абавязак ці добрая воля? Не напісана. Якая адказнасць за невыкананне самаізаляцыі, я не ведаю. Ніякага кантактнага тэлефона ці спасылкі з больш канкрэтнымі правіламі на памятцы няма, толькі агульная інфармацыя. Ну ладна, мяне папрасілі пасядзець дома — я сяджу. Але некаторыя людзі больш абыякава ставяцца да небяспекі каронавіруса. А ў кагосьці праца, у кагосьці справы — і што рабіць? Усё трэба шукаць самастойна.