Лідэр нямецкага мэтал-гурту Rammstein Тыль Ліндэман быў учора ўвечары шпіталізаваны у аддзяленьне рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі адной зь лякарняў Бэрліну. На афіцыйнай старонцы гурту ў Фэйсбуку паведамілі, што сёньня Ліндэману лепш, яго перавялі з рэнімацыі, а ягоны тэст на каранавірус быў адмоўным, піша Свабода.

Пра тое, што ў Ліндэмана выкліканая каранавірусам хвароба COVID-19, пісала нямецкае выданьне Bild.

Яшчэ на мінулым тыдні Ліндэман даваў канцэрты з музычным праектам Lindemann, у якім грае разам зь лідэрам Pain, швэдам Пэтэрам Тэктгрэнам.

Нядаўна праект езьдзіў зь міжнародным турам, у тым ліку 4 сакавіка выступаў ў Менску. Фанаты падчас туру адзначылі, што музыкі праводзілі частку шоў у празрыстым плястыкавым шары — жартавалі, што гэта такая абарона ад каранавірусу.

Пра тэсты на COVID-19 у Пэтэра Тэктгрэна паведамленьняў не было. Тры дні таму музыка пісаў, што па завяршэньні туру некалькі дзён знаходзіўся дома.