Тэхнабанк часова не будзе рабіць выплаты па чэках Tax Free кампаніі Global Blue. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце банка. Такое рашэнне было прынята праз эпідэміялагічную сітуацыю ў Еўропе, піша tut.by.

У банку ўдакладнілі, што рашэнне прыпыніць выплату Tax Free было прынята не імі, а кампаніяй Global Blue. Аднак тыя, у каго засталіся неаплачаныя чэкі, могуць атрымаць ПДВ пазней, калі кампанія адновіць выплаты.

— Трэба паглядзець, на працягу якога тэрміну можна атрымаць кампенсацыю па чэках з кожнай канкрэтнай краіны. Да прыкладу, за пакупкі ў Латвіі можна атрымаць кампенсацыю ў месяц пакупкі і наступныя 12 месяцаў. За пакупкі ў Чэхіі - у месяц пакупкі і наступныя 6, — растлумачылі ў кантакт-цэнтры банка. — Калі Global Blue не адновіць выплаты на працягу гэтага часу, то, калі тэрмін будзе падыходзіць да канца, варта адправіць чэкі на адрас кампаніі па выплаце ПДВ — Global Blue. Абавязкова ў чэку трэба запоўніць форму з нумарам банкаўскай карты. Тады грошы вернуць на яе.

Нагадаем, Tax Free выдаецца пры куплі тавару ў замежнай дзяржаве. Ён дае права вярнуць выплачаны ПДВ. Падатак на даданую вартасць у розных краінах, дзе дзейнічае сістэма чэкаў Tax Free, можа быць ад 3 да 19%.