TUT.BY пісаў пра гісторыю гродзенскай сям’і, якая апынулася ў няпростай сітуацыі: у маладых бацькоў ужо трое дзяцей, аднак двух старэйшых сыноў нядаўна канфіскавалі. У органаў апекі назапасілася шмат прэтэнзій да бацькоў: у дзяцей, маўляў, не было неабходнага адзення, дзіцячага харчавання, бацька на той момант не працаваў, а ўвесь даход сям’і складаўся з дзіцячых дапамог. Пры гэтым сям’я здымала ў горадзе кватэру, на аплату якой сыходзіла вялікая частка даходу. 27 лютага жанчына нарадзіла трэцяе дзіця – дачку, якую маглі таксама забраць. Аднак умяшаліся царква і валанцёры. І сёння, 26 сакавіка, маму і нованароджаную малую нарэшце выпісалі дадому. Праўда, старэйшыя дзеці застаюцца пакуль у прытулку, піша TUT.BY.

Из семьи в Гродно забрали двоих детей и хотят забрать новорожденную. В ситуацию вмешались церковь и волонтеры

У сераду, 25 сакавіка, камісія па справах непаўналетніх адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сабралася на паседжанне, каб разгледзець магчымасць вярнуць дзяцей у сям’ю і вырашыць лёс нованароджанай дзяўчынкі.

На сустрэчы былі таксама каардынатар Гродзенскай дыяцэзіі па пытаннях абароны мацярынства і сямейных каштоўнасцяў іерэй Аляксандр Гук і прадстаўнікі Гродзенскага цэнтра абароны жыцця «РадзiМа», якія гатовыя даць дапамогу маме з дзецьмі і арганізавалі для яе пражыванне ў доме для маці, якія апынуліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах «Дом для мамы – Назарэт».

У выніку было вырашана пакуль пакінуць двух старэйшых дзяцей у прытулку, а нованароджаную дзяўчынку, якая ўвесь гэты час знаходзілася ў раддоме з мамай, перадаць у сям’ю.

За мамай будуць назіраць

У органах апекі распавялі, што будуць назіраць, як ідуць справы ў мамы, а прыкладна праз паўтара месяца арганізуюць яшчэ адно пасяджэнне камісіі.

– Ёсць станоўчая дынаміка. Мы будзем правяраць, як мама спраўляецца са сваімі абавязкамі. Падчас пасяджэння камісіі бацька дзяцей таксама выразна адказаў, што ён будзе рабіць, зыходзячы з распрацаванага плана па абароне правоў непаўналетніх. Тут з яго боку ёсць разуменне працэсу і таксама станоўчая дынаміка, – распавялі TUT.BY у камісіі па справах непаўналетніх адміністрацыі Кастрычніцкага раёна.

Бацька дзяцей ужо уладкаваўся на працу і прыводзіць у парадак свае дакументы: сярод прэтэнзій органаў апекі было і тое, што бацька, які мае грамадзянства Расіі, фактычна не працаваў, меў толькі непастаянныя падпрацоўкі, а ў сям’і быў маленькі прыбытак.

Пазіцыя валанцёраў і царквы засталася такой жа

Кіраўнік Гродзенскага цэнтра абароны жыцця «РадзiМа» Марына Валачкова падкрэслівае, што пазіцыя арганізацыі і царквы засталася такой жа: старэйшых дзяцей трэба вярнуць маме, у якой на дадзены момант ёсць усе неабходныя ўмовы для пражывання сыноў і нованароджанай дачкі.

– З мамай заключаны дагавор аб прадастаўленні сацыяльных паслуг і жылля на год з магчымасцю падаўжэння на тэрмін да 5 гадоў. Гэта значыць, яна і дзеці ў доме могуць карыстацца на бязвыплатнай аснове электрычнасцю, халоднай і гарачай вадой, электрапрыборамі і бытавой тэхнікай. Яны забяспечаны адзеннем, абуткам, пасцельнымі рэчамі. Маюцца неабходныя прадукты харчавання. Мы не бачым ніякіх перашкодаў, каб старэйшыя дзеці вярнуліся ў сям’ю, – кажа Марына Валачкова.

У сваю чаргу, мама дзяцей накіравала ліст у камісію па справах непаўнагадовых, дзе просіць зноў разгледзець пытанне аб перадачы ёй сыноў.



Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму