«Белдзяржстрах» пачаў страхаваць здароўе грамадзян ва ўмовах пандэміі каранавіруснай інфекцыі, піша «Радыё Свабода».

Як вынікае з прэс-рэліза кампаніі ад 19 сакавіка, пералік страхавых выпадкаў дапоўнілі пазіцыяй «каранавірусная інфекцыя». COVID-1 залічылі да катэгорыі небяспечных хваробаў - такіх як тыфус, сібірская язва, сальманелёз.

Як асноўную мэтавую групу дзяржаўная страхавая арганізацыя разглядае асобаў з высокай рызыкай заражэння каранавірусам. Кампанія абяцае ў выпадку захворвання аплаціць расходы на хуткую і неадкладную медычную дапамогу.

Чытайце таксама: Лукашэнка: «Гэта псіхоз». Што вырашылі на нарадзе па каранавірусе ў прэзідэнта

У цэнтральным офісе кампаніі Свабодзе сказалі, што пакуль страхавыя агенты не падалі колькасных звестак пра страхаванне ад небяспечных вірусных інфекцыяў, сярод якіх каранавірус. Аднак паведамілі, што факты такога страхавання ўжо ёсць: «Людзі пакрысе страхуюцца».

Адным з першых пра новую паслугу страхавання паведаміла прадстаўніцтва «Белдзяржстраху» ў Шклоўскім раёне — праз рэкламу ў мясцовай раёнцы «Ўдарны фронт». Абвешчана, што застрахавацца ад каранавіруса можа «кожная фізічная асоба». Страхавая сума ад 3 тысяч рублёў. Першы ўзнос 1 працэнт ад яе. 100 працэнтаў сумы вернецца ў выпадку смерці застрахаванага.

Супрацоўніца прадстаўніцтва паведаміла нам, што ўжо «ёсць заключаныя дамовы».

«Я не магу сказаць, што іх шмат, але людзі страхуюцца», — запэўніла яна.


Больш за 5 не збірацца: як каранавірус змяніў жыццё беларусаў у розных краінах