Пандэмія каронавірусу прывяла да прыпынення авіяперавозак, што прымушае «Белпошту» часова спыніць прыём паштовых адпраўленняў ва ўсе краіны свету акрамя Кітаю, Гон-Конгу і Расеі. Пра гэта паведамляецца на сайце «Белпошты», піша Белсат.

У прэс-рэлізе «Белпошты» адзначаецца, што абвяшчэнне пандэміі і прыняцце мераў супраць распаўсюду каронавірусу прывяло да прыпынення авіяцыйных зносінаў па шэрагу напрамкаў.

«У сувязі з прыпыненнем авіяперавозак РУП „Белпошта“ часова прыпыняе прыём выходных паштовых адпраўленняў (адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак і адпраўленняў EMS) ва ўсе краіны, за выключэннем Гон-Конгу, Кітайскай Народнай Рэспублікі і Расейскай Федэрацыі. Пералік краінаў будзе карэктавацца ў выпадку з’яўлення транспартных сродкаў, здольных ажыццяўляць у гэтыя краіны дастаўку», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Паводле «Белпошты», праз каранцін у некаторых краінаў не хапае персаналу, таму чакаюцца сурʼёзныя затрымкі ў дастаўцы ўваходзячых EMS адпраўленняў і невыкананне тэрмінаў дастаўкі адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі і пасылак. Каб пазбегнуць кантакту з чалавекам, адпраўлення, для якіх звычайна патрабуецца подпіс адрасата, будуць дастаўляцца праз паштовыя або абаненцкія скрыні без распіскі атрымальніка. У паведамленні падкрэсліваецца, што каронавірус валодае нізкай устойлівасцю ў навакольным асяроддзі (перыяд захавання вызначаецца ў межах некалькіх гадзін), таму імавернасць заражэння ад міжнароднага паштовага адпраўлення выключаная.

«Белпошта» таксама распавядала пра прыняцце шэрагу санітарна-эпідэміялагічных мераў у абʼектаў паштовай сувязі: размяшчэнне дазатараў з антысептычнымі сродкамі і вадкім мылам, прыбіранне з выкарыстаннем дэзінфекцыйных сродкаў і мінімізацыя кантактаў з асобамі, што маюць прыкметы інфекцыі.

«Разам з тым, усім карыстальнікам паштовымі паслугамі рэкамендуецца ў абʼектах паштовай сувязі знаходзіцца па адным чалавеку ў кожнага аперацыйнага вакна і захоўваць дыстанцыю каля 1,5−2 метраў падчас чакання абслугоўвання. Аддзялення паштовай сувязі працуюць у звычайным рэжыме», — заявілі ў РУП «Белпошта».