16 сакавіка Літва з-за каранавіруса зачыніла свае межы. Некалькі дзясяткаў беларусаў, якія праходзілі аздараўленне ў санаторыі «Беларусь» у літоўскім горадзе Друскінінкаі, вяртаючыся дадому, трапілі ў складаную сітуацю. Бацькам з дзецьмі, якія пакутуюць на ДЦП і захворванні апорна-рухальнага апарата, прыйшлося пешшу пераходзіць мяжу ў КПП «Прывалка», а гэта прыкладна два кіламетры шляху. Пра тое, як яны дабіраліся дадому і чаму было немагчыма пераехаць пасты на транспарце, TUT.BY расказала мінчанка Аляксандра.

— Мы з 4-гадовым сынам адпачывалі ў санаторыі «Беларусь». Сёння, 16 сакавіка, у нас скончылася пуцёўка. Квіткі назад былі набытыя ўжо даўно, але так як Літва учора паведаміла аб закрыцці сваіх межаў, то сёння ўсе рэйсы ўжо былі адмененыя. Я і яшчэ некалькі сем’яў, што называецца, затрымаліся. Што рабіць, мы не ведалі. Дзеці ў нас з ДЦП, з праблемамі. Маё дзіця ходзіць, але ёсць асаблівасці. Сярод нас былі бацькі, чые дзеці перасоўваюцца выключна на вазках. Як з’ехаць дадому, мы не разумелі, — распавядае Аляксандра.

Па словах дзяўчыны, да іх праблемы падключылася пасольства Беларусі ў Літве, якое ўсяляк спрабавала дапамагчы і трымала сітуацыю на кантролі.

— Удалося дамовіцца, што аўтобус санаторыя давязе нас усіх, а гэта прыкладна 14 чалавек, да мяжы. Справа ў тым, што кіроўцы транспарту — літоўцы і, па словах памежнікаў суседняй краіны, перасякаючы мяжу і вяртаючыся назад у Літву, мужчыны трапілі на каранцін. Зразумела, што правілы такія, але гэта ўсё выглядае вельмі дзіўна — бо бачна, што дзеці дрэнна ходзяць, нам цяжка — вазкі, пакункі, валізкі, торбы, але ўгаварыць літоўскі бок падвезці нас ледзь бліжэй не ўдалося. Таму ў выніку план быў такі - у Літве нас давозяць да «Прывалкі», мы пераходзім пункт пропуску пешшу, а ў Беларусі ўжо чакае аўтобус, які давязе да Гродна. Аднак сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што многія сям'і - з Мінска.

Такі пераход, па словах дзяўчыны, даўся ўдзельнікам эвакуацыі цяжка.

— Уяўляеце, як гэта было? Караван з інваліднымі каляскамі і дзецьмі-інвалідамі. Дальнабойнікі, бачачы нас, пыталіся, адкуль мы такія, і называлі нас бежанцамі. Казалі, што раней такога ніколі не бачылі. Шкада, што мы ўсё гэта не сфатаграфавалі, было б на што паглядзець. Беларускія памежнікі размясцілі нас у зале афармлення, каб мы адпачылі, і калі з’явіцца машына, якая едзе ў бок Мінска, каб нас маглі ўзяць на борт. У рэшце рэшт, дзякуй аднаму з кіроўцаў, які пагадзіўся нас давезці дадому.

Па словах дзяўчыны, у санаторыі ў Друскінінкаі яшчэ застаюцца беларусы, а чарговае засяленне адбылося сёння, 16 сакавіка. Адміністрацыя аздараўленчага комплексу на момант ад’езду не ведала, ці будзе ўстанова закрыта на каранцін і як санаторый будзе працаваць далей.

— Там і так самаізаляцыя — закрытая тэрыторыя, бацькі з дзецьмі асабліва нікуды не выходзяць у горад, — распавядае Аляксандра. Мінчанка з сынам пасля ўсіх прыгод вярнуліся дадому ўвечары 16 сакавіка.

Нагадаем, Літва забараніла ўезд замежным грамадзянам з 0.00 16 сакавіка. Але яшчэ трое сутак замежнікі змогуць перасякаць краіну транзітам, каб вярнуцца дадому. З 0.00 19 сакавіка ўезд на тэрыторыю Літвы будзе забаронены. Выключэнне будзе зроблена для дыпламатаў, членаў сем’яў грамадзян Літвы і грузаперавозчыкаў: перасекчы мяжу яны змогуць толькі праз пункты пропуску «Мядзінінкай» (з беларускага боку «Каменны Лог») і «Райгардас» («Прывалка»).

Паводле інфармацыі на 11 гадзін 16 сакавіка, у гэтых жа пунктах пропуску — «Мядзінінкай» — «Каменны Лог» і «Райгардас» — «Прывалка» — грамадзяне Беларусі могуць перасекчы мяжу пешшу. На гэта ім даецца час да 00.00 19 сакавіка.

Чытайце таксама: «Мы ў шоку». Бізнес гродзенскіх перавозчыкаў пад ударам з-за закрыцця межаў

Міністэрства замежных спраў Беларусі сцвярджае, што з Даўгаўпілса ў Браслаў арганізаваны трансфер.

У рэкамендацыях на сайце амбасады Беларусі ў Літве прапісана, што беларусы могуць дабрацца да пунктаў пропуску любым транспартам, перасекчы мяжу пешшу, а далей вырашыць, як дабрацца да свайго месца жыхарства. Беларускі бок, адзначаюць у пасольстве, цяпер прапрацоўвае пытанне, як арганізаваць рэйсы ад мяжы Беларусі да бліжэйшага населенага пункта.