Кампанія Uber апавясціла пасажыраў і кіроўцаў аб мерах, якія прымаюцца ў сувязі з распаўсюдам каранавірусу. Акаўнты тых, хто заразіўся або кантактаваў з хворымі, могуць быць заблакаваныя, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на сайт кампаніі.

Разам з тым у Uber паабяцалі даць фінансавую дапамогу кіроўцам і дастаўнікам з каранавірусам або тым, хто змешчаны ў карантын на тэрмін да 14 дзён. Як паведамляецца на сайце, кампанія ўжо дапамагла некаторым пацярпелым кіроўцам і працуе над тым, каб выплачваць кампенсацыі супрацоўнікам па ўсім свеце.

Каманда Uber кругласутачна аказвае падтрымку органам аховы здароўя ў барацьбе з эпідэміяй, сказана ў заяве. Інфармацыю аб тых, хто захварэў, кампанія таксама атрымлівае ад органаў аховы здароўя.

Раней Uber заблакаваў акаўнты 240 карыстальнікаў і двух кіроўцаў у Мэксіцы пасля таго, як паслугамі сэрвісу скарыстаўся чалавек з падазрэннем на заражэнне каранавірусам.

Па стане на 11 сакавіка 2020 года колькасць хворых на каранавірусную інфекцыю COVID-19 перавысіла 119 тысяч чалавек. Сусветная арганізацыя здароўя аб’явіла сітуацыю з распаўсюдам вірусу пандэміяй.

Чытайце таксама: Дзень Волі ў Гродне адмянілі праз каранавірус. Свята пройдзе ў іншым фармаце