Ці будуць беларускія ўлады пашыраць карантын на ўсіх: на садкі, школы, масавыя падзеі? У суседніх краінах такія захады ўжо прымаюцца, піша Свабода.

«Мы будзем трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя»

У Міністэрстве адукацыі карэспандэнту Свабоды паведамілі, што рашэньне пра адмену заняткаў у школах, ВНУ і закрыцьцё садкоў павінна прыняць Міністэрства аховы здароўя, «калі будзе такая неабходнасьць».

«Цяпер усе працуюць у штатным рэжыме. Мы будзем трымацца парадаў Міністэрства аховы здароўя», — сказалі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

У Міністэрстве аховы здароўя на пытаньні карэспандэнта Свабоды пакуль не адказалі.

Каля БНТУ, 27 лютага
Каля БНТУ, 27 лютага

Масавых іпрэзаў у Менску не адмяняюць

У Менгарвыканкаме сказалі, што «пакуль не было даручэньняў адмяняць масавыя імпрэзы ў горадзе з прычыны каранавірусу».

«Масавыя мерапрыемствы не адмяняюцца. Калі нешта такое будзе, то мы падрыхтуем прэс-рэліз», — сказалі ў прэс-службе.

Масавы забег «Beauty Run» у Менску, 8 сакавіка
Масавы забег «Beauty Run» у Менску, 8 сакавіка

«На прэм’еру амаль усе квіткі раскупленыя»

У Вялікім тэатры опэры і балету спэктаклі з прычыны каранавірусу на бліжэйшы час не адмяняюцца.

Аднак праз каранавірус адмененыя гастролі аркестру тэатру ў Нямеччыну, якія плянаваліся 10 сакавіка на 20 дзён.