Міністар замежных спраў Польшчы, не чакаючы ўступлення ў сілу Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі, выдаў пастанову аб увядзенні нулявой тарыфнай стаўкі за прыём і разгляд візавых анкетаў на атрыманне шэнгенскіх візаў для маладых беларусаў, піша «Радыё Свабода».

Нулявая стаўка для ўдзелу ў культурных імпрэзах

Такім чынам, ад абавязку аплаты за прыём і разгляд візавых анкетаў на атрыманне шэнгенскіх візаў у польскіх консульскіх установах на тэрыторыі Беларусі вызваляюцца дзеці ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў і моладзь ва ўзросце да 25 гадоў, якая бярэ ўдзел у семінарах, канферэнцыях, спартовых, культурных або адукацыйных імпрэзах, арганізаваных некамерцыйнымі арганізацыямі.

Нулявая тарыфная стаўка консульскага збору дзейнічае выключна да 31 снежня 2020 году. Заяўнікі не вызваляюцца ад абавязку аплаты ў выпадку паўторнага прыёму і разгляду візавых анкетаў на атрыманне шэнгенскіх або нацыянальных візаў.

Санітарныя працэдуры для спынення каранавірусу

Ад 10 сакавіка на польска-беларускай мяжы ўводзіцца ўзмоцнены санітарны кантроль, паведамляе Polskie Radio.

Паводле Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы, такое рашэнне павінна спыніць распаўсюд каранавірусу.

На межах з Беларуссю, Украінай і Расеяй пачнуць дзейнічаць новыя медыцынскія і санітарныя працэдуры. Комплексны кантроль будуць праводзіць польскія памежнікі, пажарныя, мытнікі і інспекцыя дарожнага транспарту. Калі адмыслоўцы выявяць хворага, яго адразу ж шпіталізуюць.