Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) абдумвае перанос чэмпіянату свету, які мусіць адбыцца ў траўні, са Швейцарыі ў Беларусь або Расію, паведаміў tass.ru, цытуючы прэзыдэнта IIHF Рэнэ Фазэля.

У сувязі з пагрозай каранавірусу швейцарскі ўрад забараніў праводзіць публічныя мерапрыемствы, у тым ліку спартовыя, з аўдыторыяй больш за 1000 чалавек. Абмежаванне дзейнічае да 15 сакавіка, але можа быць падоўжана. Турнір мусіць прайсці ў Цюрыху і Лазане з 8 па 24 траўня

«Не так шмат краін, у якія мы можам перанесці турнір. Перанесці чэмпіянат свету будзе вельмі складана, але, верагодна, будзе магчымасць перанесці ў Сочы, таксама ёсць варыянт з Беларуссю, — сказаў Фазель. — Зараз мы пачынаем вывучаць розныя варыянты вырашэння праблемы, але я вам не магу нічога сказаць да 15 сакавіка».

Як зазначае tut.by, на дадзены момант у Швейцарыі каранавірусом заразіліся 93 чалавекі.

Што ў свеце

Паводле «Радыё Свабода», на раніцу 5 сакавіка ў свеце зафіксавалі 95,5 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 80,5 тысячы ў Кітаі, каля 5,8 тысячы ў Паўднёвай Карэі, каля 3,1 тысячы ў Італіі, каля 2,9 тысячы ў Іране. Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у свеце памерлі 3286 чалавек: 3015 у Кітаі, 107 у Італіі, 92 у Іране, 35 у Паўднёвай Карэі. Выпісалі здаровымі 53,7 тысячы пацыентаў, у цяжкім стане застаюцца 6,4 тысячы пацыентаў.

Каранавірус у Польшчы і Украіне. У Беларусі - шосты выпадак

У Францыі колькасць хворых набліжаецца толькі да трох соцень, у Нямеччыне перавысіла дзве з паловай сотні, у Гішпаніі перасягнула дзве сотні. Памерлых ад COVID-19 у Італіі 107, у Францыі - 4, у Гішпаніі - 2, у Сан-Марына — 1, а ў іншых еўрапейскіх краінах пра памерлых не паведамляюць.

У Італіі на 10 дзён зачынілі ўсе ўстановы адукацыі, а спартовыя матчы, у тым ліку футбольныя ў сэрыі А, 30 дзён будуць праходзіць без гледачоў.

У Злучаных Штатах колькасць памерлых ад COVID-19 дасягнула 11. Ніжняя палата амерыканскага парламенту ўхваліла законапракт аб экстраным фінансаванні захадаў барацьбе з новым каранавірусам, у выпадку яго прыняцця на гэтую барацьбу выдаткуюць 8,3 млрд долараў — у тым ліку грошы пойдуць на пошук вакцыны.

У Кітаі, з якога пачалася ўспышка COVID-19, сітуацыя стабілізуецца: на бягучым тыдні рэгіструюць толькі адну-дзве сотні новых хворых на дзень. Бывала ўжо, што Паўднёвая Карэя абганяла Кітай па тэмпах распаўсюду вірусу.

У Інданезіі, дзе пакуль пацвердзілі толькі два выпадкі COVID-19, вырашылі ператварыць стварыць карантынны цэнтр на нежылым востраве.