Аднадзённы рознічны тавараабарот у разліку на душу насельніцтва ў студзені склаў 13,3 рубля, вынікае з дадзеных Белстата. Столькі грошай траціць у дзень на пакупкі сярэднестатыстычны беларус. Годам раней гэтая сума складала 12 рублёў. Пры гэтым штодзённыя траты на аднаго пакупніка адрозніваюцца па рэгіёнах, піша TUT.BY.

У Брэсцкай вобласці, да прыкладу, аднадзённы рознічны тавараабарот у разліку на душу насельніцтва ў студзені склаў 11,3 рублі (годам раней – 10,5 рубля), у Гродзенскай – 12,2 рублі (11,1 рубля), у Магілёўскай – 10,4 рублі (9,6 рубля).

У цэлым па краіне за студзень траты на пакупкі ў крамах, гандлёвых цэнтрах і на рынках выраслі на 5,3% да аналагічнага перыяду 2019-га. Рознічны тавараабарот арганізацый гандлю ў студзені склаў 3,5 мільярды рублёў.

Растуць траты беларусаў таксама на паходы ў рэстараны, кафэ і сталовыя. Таваразварот грамадскага харчавання ў студзені склаў 229,9 мільёна рублёў. Гэта на 2,7% больш у супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду мінулага года.

Амаль палову гэтай сумы – 111,2 мільёна рублёў – выдаткавалі ў мінскіх установах грамадскага харчавання. Для параўнання: у Магілёўскай – 15,5 мільёна рублёў, а ў Брэсцкай – 20,5 мільёна.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму