Толькі ў Берасьці, Гомлі і горадзе Горкі 17 лютага не былі пабітыя тэмпэратурныя рэкорды за ўсе часы назіраньняў, адзначае БелаПАН у аналізе зьвестак мэтэастанцыяў, піша Свабода.

На мэтэастанцыях у іншых гарадах зафіксаваныя 44 рэкордна высокія тэмпэратуры для 17 лютага. Зь іх 30 трымаліся ад 2002 году, восем ад 1998-га, тры ад 1995-га, два ад 2014-га і адзін ад 2001-га.

Найцяплей, аж +12,6°С, было ў Горадні (там рэкорд 2002 году перавышаны на 4,1 градуса), Пружанах і Дарагічыне.

Найбольшая розьніца з ранейшым рэкордам была ў Езярышчы: 9°С супраць 2,7°С у 2001-м (пры тым у 2011-м у ноч на 17 лютага ў Езярышчы фіксавалі абсалютны мінімум для ўсёй краіны за гісторыю назіраньняў: –29,9°С).

У Менску 17 лютага фіксавалі +10,1°С (супраць раней рэкордных 8,3°С у 2002-м). А ў Берасьці да рэкорду засталося паўтара градуса: у 1974 годзе 17 лютага там было аж +14,1°С.

Цягам лютага рэкорды цеплыні фіксаваліся 1-га і 2-га, за студзень было дзевяць дзён з рэкордамі цеплыні, за сьнежань — адзінаццаць.

«Плюсавую» тэмпэратуру прагназуюць да канца тыдня па ўсёй Беларусі, дзе-нідзе з дажджамі і мокрым сьнегам.

У шэрагу гарадоў Беларусі 18 лютага могуць быць пабітыя чарговыя тэмпэратурныя рэкорды. Напрыклад, у Менску прагназуюць +7..+9°С, тады як рэкорд 2002 году складаў усяго +6,1°С.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму