У Беларусі рыхтуюць канцэптуальныя змены ў КоАП. Правапарушэнні падзеляць на тры катэгорыі: правіна, значнае правапарушэнне і грубае парушэнне. Міністр юстыцыі растлумачыў, што ад катэгорыі будзе залежаць і пакаранне, і тэрмін даўнасці прыцягнення да адказнасці. Калі правапарушальнік ў самыя кароткія тэрміны аплаціць штраф, яму могуць даць зніжку — да 50%, піша TUT.BY.

— Падрыхтаваны асноўныя прапановы па карэкціроўцы агульнай часткі Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, — заявіў на прэс-канферэнцыі Алег Сліжэўскі. — Прапануюцца тры катэгорыі правапарушэнняў: правіна, значнае правапарушэнне і грубае правапарушэнне. Для першай катэгорыі прадугледжваюцца нязначныя санкцыі - папярэджанне, вусная заўвага альбо штраф да 10 базавых велічынь.

Тэрмін даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці таксама будзе залежаць ад катэгорыі правапарушэння: для правіны — пасля вынясення папярэджання або вуснай заўвагі ці аплаты штрафу будзе лічыцца, што чалавек наогул не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці; для значнага правапарушэння — будзе лічыцца тым, хто прыцягваўся, на працягу паўгода, для грубага правапарушэння — на працягу года.

Акрамя таго, прапануюць ужываць паніжальныя каэфіцыенты да сумы штрафу. Калі парушальнік аплачвае штраф адразу ж або на працягу, напрыклад, тыдня, зніжка можа быць 25−50%, заявіў міністр юстыцыі.

— Сёння прымяняецца павелічэнне штрафу ў выпадках несвоечасовай аплаты. Прапануецца супрацьлеглы падыход, які стымулюе парушальніка плаціць своечасова і зніжае выдаткі на адміністраванне штрафаў, — адзначыў Сліжэўскі.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўсе агучаныя прапановы будуць яшчэ абмяркоўвацца.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях прымянення мер адміністрацыйнай адказнасці раскрытыкаваў існуючую практыку. Паводле яго слоў, дзеючы КоАП выкарыстоўвае пераважна карны спосаб вырашэння канфліктных сітуацый.

— Гэта фармуе ў грамадстве меркаванне аб празмернай жорсткасці органаў улады і ўлады ўвогуле, а часта і відавочнай несправядлівасці практыкі прымянення адміністрацыйных санкцый.

Лукашэнка падкрэсліў, што за 12 гадоў дзеяння КоАП прынята 115 законаў, на падставе якіх у яго ўнесена больш за 1,4 тысяч карэкціровак.

Пры падобных абставінах дэвальвуецца павага да закона. Важна забяспечыць стабільнасць адміністрацыйнага заканадаўства, а таксама рэалізацыю прафілактычных мер, накіраваных на папярэджанне правапарушэнняў, заяўляў кіраўнік дзяржавы.