У 2018 годзе ў Беларусі быў рэкордна вялікі разрыў паміж заробкамі жанчын і мужчын. Паводле звестак Белстата, сярэдняя жаночая зарплата была роўная 72,7% мужчынскай. Для параўнання, у 2016 годзе гэта розніца была меншай: тады жаночыя зарплаты складалі 78,5% мужчынскіх. Прычым сярод высокааплатных спецыялістаў гендэрны разрыў ва ўзроўні даходаў апынуўся яшчэ большым. Пра гэта распавяла навуковы супрацоўнік даследчага цэнтра BEROC Марыя Акулава падчас дыскусіі на тэму “Дыскрымінацыя на рынку працы ў Беларусі” ў Прэс-клубе, паведамляе TUT.BY.

У дзяржсектары разрыў у заробках мужчын і жанчын большы, чым у прыватным

Вынікі апытання «Пакаленні і гендар», якое прайшло у Беларусі ў 2017 годзе, пацвярджаюць, што розніца ў сярэдняй зарплаце мужчын і жанчын існуе і складае каля 22,6%. Гэта даследаванне дапамагло высветліць крыху больш падрабязнасцяў. Напрыклад, зарплатны разрыў на карысць мужчын ёсць як у тых прафесіях, якія лічацца мужчынскімі, так і ў тых, якія лічацца жаночымі.

– Атрымліваецца, незалежна ад прафесійнага выбару жанчыны, будзе яна менеджэрам або некваліфікаваным работнікам, даход у яе ўсё роўна будзе меншы ў параўнанні з мужчынскім, – тлумачыць Марыя Акулава.

Эксперты звярнулі ўвагу і на тое, што сярод высокааплатных работнікаў разбежка заробкаў большая, чым сярод тых, хто зарабляе мала.

– Калі мы возьмем ніжнія 10% насельніцтва па ўзроўні даходу, то тут сярэдні разрыў паміж мужчынскімі і жаночымі заробкамі складае 14,5%. Пры гэтым у верхніх 10% разрыў значна большы і складае парадку 35,6%, – адзначае Марыя Акулава. – Чаму такая істотная розніца? Для ніжніх 10% выбаркі ў нас існуе мінімальны памер аплаты працы, які наймальнік абавязаны выплачваць незалежна ад кваліфікацыі, у той час як пры больш высокім узроўні даходу ёсць пэўныя варыяцыі.

Таксама высветлілася, што ў дзяржсектары разрыў паміж заробкамі мужчын і жанчын большы, чым у прыватным: 24,1% супраць 21,4%.

– Гэта азначае, што ў прыватным сектары больш важна тое, які ў цябе ўзровень кваліфікацыі, што ты будзеш прыносіць кампаніі, якая ў цябе каштоўнасць, – мяркуе Марыя Акулава.

Пасля нараджэння дзяцей зарплата жанчын зніжаецца, а мужчын – не змяняецца

Таксама эксперты BEROC вырашылі высветліць, ці існуе ў Беларусі такое паняцце, як «штраф за бацькоўства» (зніжэнне заробкаў у жанчын пасля нараджэння дзіцяці). Для гэтага яны прааналізавалі дадзеныя апытанняў хатніх гаспадарак Белстата за 2006-2016 год.

Аказалася, што жанчыны з дзецьмі ў сярэднім зарабляюць на 14,4% менш, чым жанчыны без дзяцей. І чым вышэйшы узровень адукацыі, тым большы гэты разрыў. Так, жанчыны з сярэдняй адукацыяй пасля нараджэння дзяцей зарабляюць на 8% менш, з сярэднім тэхнічных – на 13,4%, а з вышэйшай – на 20,4%. Марыя Акулава тлумачыць, што большы «штраф» для высокакваліфікаванай працоўнай сілы тлумачыцца тым, што «першапачаткова інвестыцыі ў чалавечы капітал былі вышэйшыя».

– Вы больш вучыліся, працавалі ў больш канкурэнтным асяроддзі. Таму чым даўжэйшы тэрмін, на які вы сыходзіце з рынку працы, тым больш вымываецца ваш чалавечы капітал, – кажа эксперт.

Цікава, што ў некаторых краінах акрамя «штрафу» за бацькоўства ёсць яшчэ і «прэмія» за яго ж. Але яе пасля нараджэння дзяцей звычайна атрымліваюць мужчыны.

– Іх узровень даходаў расце, таму што ў іх з’яўляецца матывацыя зарабляць больш, яны пачынаюць больш ўключацца ў працу, таму што ім трэба забяспечваць больш членаў сям’і. Але ў нас такога эфекту не назіраецца. Магчыма, гэта асаблівасці Беларусі, якія не дазваляюць зарплаце хутка расці, – каментуе Марыя Акулава.

На думку Марыі Акулавай, складана сказаць, ці з’яўляецца гэтая розніца ў заробках дыскрымінацыяй ці не.

– Гэта асаблівасці функцыянавання нашага рынку працы. (…) З аднаго боку, мы падтрымліваем нараджальнасць, у нас дастаткова шчодрая дзяржаўная падтрымка. З іншага боку, ёсць трохгадовы дэкрэт, які прыводзіць да вельмі моцнага пагаршэння кваліфікацыі, – кажа эксперт. – Калі няма магчымасці раней выйсці на рынак працы, за тры гады значная частка жанчын становіцца менш канкурэнтаздольнай у параўнанні з калегамі. Мы лічым, што ў нейкі момант Беларусі давядзецца скарачаць дэкрэтны адпачынак, таму што ён негатыўна адбіваецца на росце ВУП і прыводзіць да таго, што на рынку працы існуе вельмі выразная няроўнасць.

У жанчын ёсць права выйсці з адпачынку па догляду за дзіцем і раней, аднак, па словах Марыі Акулавай, для гэтага ёсць бар’ер – адсутнасць інфраструктуры, з-за якога «у многіх няма магчымасці працягваць сваю кар’еру».

– Не ўсе могуць дазволіць сабе няню, у нас няма лакальных прыватных дзіцячых садоў, каб згладзіць гэтыя разрывы. А ваш працадаўца можа быць не згодны даць вам больш гнуткі графік працы, у той час як у іншых краінах такія сітуацыі не настолькі зарэгуляваны: там дазваляюць працаваць з дому, выходзіць на няпоўны працоўны дзень. Там глядзяць на каштоўнасць супрацоўніка, а не на тое, што працаваць абавязкова трэба з офіса і 8 гадзін у дзень, – канстатуе Марыя Акулава.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму