За суткі ў правінцыі Хубэй выяўлена амаль 5 тысяч новых выпадкаў заражэння. Памерлі ад каронавіруса больш за 100 чалавек. Пра гэта паведамляе Рэгіянальная камісія па пытаннях аховы здароўя, піша TUT.BY.

У правінцыі Хубэй за суткі выяўлена 4 тысячы 823 новыя выпадкі заражэння, з іх 3 тысячы 910 ва Ухані. За гэты час ад COVID-19 загінулі 116 чалавек, з іх ва Ухані – 88 чалавек.

Па дадзеных, якія прыводзіць Нацыянальная камісія па ахове здароўя Кітая, агульная колькасць загінулых у краіне склала 1 тыс. 380 чалавек.

Усяго заразілася 63 тысячы 851 чалавек, з іх у цяжкім стане – 10 тысяч 204 чалавекі. Пад наглядам лекараў з падазрэннем на каронавірус знаходзяцца 177 тысячаў чалавек. Выздаравелі – 6 тысяч 723 чалавека.

Агульная колькасць тых, хто захварэў, па ўсім свеце складае 64 тысячы 434 чалавекі.

«Горшы сцэнар»

У СААЗ не выключаюць, што, калі не спыніць эпідэмію, заразіцца можа 2/3 насельніцтва Зямлі. Пра гэта заявіў дарадца СААЗ, вірусолаг Айра Ланджыні, які адсочвае распаўсюджванне віруса ў Кітаі. Эксперт зыходзіць з дадзеных, згодна з якімі кожны заражаны вірусам чалавек перадае інфекцыю двум-тром іншым людзям.

Запаволіць распаўсюджванне захворвання можа каранцін. Аднак, адзначае Ланджыні, каронавірус мог распаўсюдзіцца не толькі ў Кітаі, але і за межамі краіны, перш чым улады КНР увялі неабходныя меры. Паводле яго слоў, адсачыць распаўсюджванне каронавіруса складана з-за таго, што тэстаў, якія б дазволілі хутка выявіць захворванне, няма, а ў некаторых з інфіцыраваных яно працякае адносна лёгка.

Як піша РБК, гэты пункт гледжання падзяляюць і іншыя спецыялісты. Як заявіў даследчык з Імперскага каледжа Лондана Ніл Фергюсан, у Кітаі лік новых заражаных можа скласці да 50 тыс. штодня.

«Гэта свайго роду горшы сцэнарый. Гэта адна з магчымасцяў», – лічыць эксперт з Паўночна-Усходняга ўніверсітэта ў Бостане Алесандра Веспіньяні. На яго думку, зразумець, наколькі хутка хвароба распаўсюджваецца за межамі Кітая, можна будзе на працягу наступных некалькіх тыдняў, асабліва калі будуць прыняты дадатковыя меры па барацьбе з інфекцыяй.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму