У Беларусі могуць павялічыць узрост сэксуальнай згоды для асобаў аднаго полу і ўвесці пакаранне за «дыскрымінацыю інстытуту сямʼі». Унесці змены плануюць у новай рэдакцыі Крымінальнага кодэксу.

У рэдакцыю “Радыё Свабода” трапіў адказ Міністэрства аховы здароўя на калектыўны зварот грамадзян, датычны пытанняў супрацьстаяння хатняму гвалту. Ліст падпісаны першым намеснікам міністра Дзмітрыем Піневічам.

У Беларусі збіраюцца павялічыць «узрост сэксуальнай згоды». Але не для ўсіх

У ім гаворыцца, што Міністэрства аховы здароўя «выступае за прапаганду традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і падтрымала наступныя прапановы ў межах праекту закону «Аб зменах кодэксаў у пытаннях адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці«, у тым ліку ўвядзенне крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці за распаўсюджанне інфармацыі, якая дыскрэдытуе інстытут сям’і і шлюбна-сямейныя адносіны. А таксама выступае за падвышэнне з 16 да 18 гадоў узросту, да наступлення якога палавыя зносіны і іншыя дзеянні сексуальнага характару з непаўналетнім таго ж полу караюцца ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам (артыкул 168)».

Пра тое, што ў Беларусі плануюцца змены ў Адміністрацыйны і Крымінальны кодэксы, стала вядома на пачатку лютага. Перагледзець асобныя іх нормы Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі даручыў асабіста Аляксандр Лукашэнка.

Свабода звярнулася па каментар у Міністэрства аховы здароўя. Там папрасілі даслаць афіцыйны запыт і паабяцалі адказаць на яго ў кароткі тэрмін.

Праваабаронца: гэта не сфера дзейнасці Міністэрства здароўя

«Я спадзяюся, што ў нас да такога ня дойдзе, – пракаментаваў Свабодзе магчымыя перамены крымінальнага заканадаўства старшыня Беларускага Хельсінскага камітэту Алег Гулак. – Калі Мінздароўя пачынае апекавацца нейкімі каштоўнасцямі, увогуле нейкімі каштоўнасцямі, акрамя каштоўнасці здароўя, то ўзнікае пытанне, ці на сваім месцы гэтыя людзі? Чым яны займаюцца і за што яны атрымліваюць заробкі?

Пытанне крыміналізацыі, з якога ўзросту і за што, гэта ня сфера дзейнасці Мінздароўя. Яны маглі б выказацца пра навуковыя даследаванні. Пра тое, у якім узросце чалавек адказны за свае ўчынкі, калі ад яго можна чакаць такой адказнасці. Ня бачачы гэтых прапановаў цалкам, дастаткова складана каментаваць. Асабліва ў кантэксце сувязі з традыцыйнымі каштоўнасцямі. Тут, я думаю, той выпадак, калі ўлады лічаць, што калі нешта забараніць, то яно знікне. Гэта нейкая дзіцячая наіўнасць, памножаная на адсутнасць прававой логікі, і ўпэўненасць у сваёй уладзе».

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму