Беларусь будзе прасіць у Расіі адтэрміноўку пачатку выплат па 10-мільярдным крэдыце на будаўніцтва Беларускай АЭС. Пра гэта паведаміў 9 лютага першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Круты, піша belta.by.

«Мы просім адкласці час пачатку выплат па крэдыту, — удакладніў віцэ-прэм'ер. — Плюс мы просім, каб не несці дадатковыя нагрузкі, рассунуць тэрмін гэтага крэдыту і крыху знізіць працэнтную стаўку, прывёўшы яе ў адпаведнасць прыкладна з тымі кантрактамі, якія існуюць у „Расатама“ ў іншых краінах. Можа быць невялікая карэктыроўка працэнтнай стаўкі».

Паводле яго, адтэрміноўка запуску АЭС звязаная з бяспекай станцыі.

«Даручана да канца лютага ўсім адказным (і „Расатам“, і наша Міністэрства энергетыкі) пакласці ужо канчатковы графік завяршэння работ па першым блоку», — расказаў Дзмітры Круты.

Прэм’ер Літвы: Краіны Балтыі дамовіліся не купляць электраэнергію з Беларускай АЭС

У лістападзе 2011 года, калі «Газпром» цалкам набыў «Белтрансгаз», было падпісана міжурадавае пагадненне аб расійскім крэдыце для будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 году, піша svaboda.org.

Раней беларускі бок ужо звяртаўся да Расіі з прапановамі змяніць умовы крэдыту, але атрымаў адмову.