Мытня Літвы канстатуе – колькасць «забытых» грошай у дакументах пры праходжанні мяжы расце з кожным годам. Лідзіруюць па «непамятлівасці» беларусы. Пра гэта паведамляе прэс-служба літоўскага ведамства, піша TUT.BY.

Часцей за ўсё хабар прапануюць кіроўцы, якія “выпадкова” забываюць пра банкноты па 5 ці 10 еўра ў сваіх дакументах, хоць аднойчы літоўскага мытніка спрабавалі падкупіць квіткамі на канцэрт.

У ведамстве таксама распавялі, якія пункты пропуску лідзіруюць па “забытых” грошах. У мінулым годзе часцей за ўсё літоўскіх мытнікаў спрабавалі падкупіць ў пункце пропуску “Каменны Лог – Мядзінінкай” – 253 разы. Гэта цалкам вытлумачальна, паколькі ён з’яўляецца найбуйнейшым на беларуска-літоўскай мяжы. 128 спробаў даць хабар зафіксавалі на «Прывалцы – Райгардас», на «Беняконі – Шальчынінкай» – 110 выпадкаў, у пункце пропуску «Катлоўка – Лаварышкес» – 46 выпадкаў.

Часцей за ўсё грошы ў дакументах «забываюць» грамадзяне Беларусі – 357 выпадкаў, радзей расіяне – 64 спробы і ўкраінцы – 37 выпадкаў. Аднак у мытні адзначылі, на «непамятлівасць» пакутуюць таксама літоўцы і палякі.