У Гродне асудзілі жанчыну, якая ў краме хавала прадукты і іншыя тавары ў дзіцячы вазок і выходзіла з гандлёвай кропкі, так і не заплаціўшы. За два тыдні яна вынесла з супермаркета тавараў на 800 рублёў, паведамляецца на сайце Вярхоўнага суда, піша TUT.BY.

Жанчына знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем. У яе на ўтрыманні двое маленькіх дзяцей.

Судовае паседжанне прайшло 4 лютага. Абвінавачаная прызнала сваю віну ў поўным аб’ёме і пагасіла шкоду. Суд прызнаў яе вінаватай у крадзяжы, зробленым у буйным памеры, і аштрафаваў на 35 базавых велічынь, што складае 945 рублёў.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.