Раніцай 3 лютага літоўскія мытнікі пры афармленні машыны з Беларусі канфіскавалі ў кіроўцы 60 тысяч еўра. Мужчына патлумачыў, што яму і ў галаву не прыйшло задэклараваць грошы. Падрабязнасці паведамляе прэс-служба літоўскай мытні, піша TUT.BY.

Беларус ехаў на грузавіку Volvo праз Літву ў Нідэрланды за грузам кветак. У раёне Мядзінінкая яго спынілі мытнікі.

У бардачку ў кіроўцы знайшлі загорнутыя ў швэдар 60 тысяч еўра. Мужчына сцвярджаў, што грошы ён вёз на закупку кветак і не падумаў, што іх трэба дэклараваць.

Валюту канфіскавалі, у дачыненні да беларуса распачата папярэдняе расследаванне па факце кантрабанды. Ведамства нагадвае: сумы ад 10 тысяч еўра (ці эквівалент у іншай валюце) абавязкова трэба дэклараваць.