У штогадовай справаздачы Дэпартамэнту дзяржбясьпекі Літвы і вайсковай выведкі сказана, што БелАЭС будуюць насуперак патрабаваньням міжнародных стандартаў бясьпекі, піша Свабода са спасылкай на Delfi.

«Па меры набліжэньня прызначанага тэрміну запуску БелАЭС нарастае напружаньне паміж адказнымі беларускімі ведамствамі, замоўнікамі праекту, і прадстаўнікамі „Росатома“ — усе яны баяцца адказнасьці за магчымыя інцыдэнты на пабудаванай у сьпешцы БелАЭС», — сказана ў справаздачы.

Літоўская выведка зьвяртае ўвагу на тое, што ў ліпені 2019 году з пасады сышоў Дзьмітры Романец, які кіраваў будаўніцтвам БелаАЭС, і зьвязвае ягоны сыход з жаданьнем «пазьбегнуць адказнасьці за інцыдэнты, якія адбыліся», і «далейшымі складанымі работамі ў падрыхтоўцы станцыі да запуску».

У справаздачы сьцьвярджаецца, што Сьледчы камітэт Беларусі пачаў расьсьледаваньне ў сувязі з інцыдэнтамі на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС, у ходзе якога затрымалі некалькі чалавек, «аднак празь ціск з боку расейскіх дыпляматаў справы былі спыненыя».

Таксама, паводле літоўскай выведкі, у канцы чэрвеня 2019 году «праз халатнасьць дзеяньняў рабочых у першым блоку АЭС, побач з рэактарам, пачаўся пажар, аднак беларускія ведамствы не паведамілі пра гэты інцыдэнт». Устаноўку на ўтойваньне падобнай інфармацыі падтрымлівае і расейскі «Росатом», сьцьвярджае літоўская выведка, «паколькі баіцца за сваю міжнародную рэпутацыю».

Пісалі пра пажар у траўні, а ня ў чэрвені

Пра пажар на БелаАЭС пісаў у жніўні 2019 году Telegram-канал Nexta. Аднак, паводле каналу, пажар адбыўся 12 траўня, гарэў тунэль камунікацый глыбока пад зямлёй, прычынай стала тое, што маляр-тынкар вырашыў пакурыць побач з адкрытай ёмістасьцю, у якой знаходзіўся гаручы распушчальнік.

Пазьней здарэньне пракамэнтаваў прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі, сказаўшы, што «ніхто не засакрэчваў гэты інцыдэнт» і што «гэта не пажар, гэта было ўзгараньне распушчальніку ў пасудзіне». Пра пажар у канцы чэрвеня 2019 году ніякай інфармацыі не было.