У Гродне вынесены прысуд у дачыненні да мужчыны, які абліў спячую жонку бензінам і падпаліў яе. У жанчыны былі шырокія апёкі, ад якіх яна памерла ў бальніцы. Абвінавачаны прызнаны вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю. Яму прызначана пакаранне: пазбаўленне волі на тэрмін 14 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе прэс-служба абласнога суда, піша TUT.BY.

Усё адбылося ў чэрвені 2019 года. 56-гадовы мужчына выпіваў, на працу не хадзіў. З-за гэтага з жонкай былі сваркі. Пасля чарговага канфлікту мужчына вырашыў заняцца чымсьці карысным па хаце. Ён узяў бензатрымер з каністрай і паспрабаваў пакасіць траву. 54-гадовая жанчына заўважыла, што яе мужа заносіць у бок нават ад лёгкага парыву ветру. Яна вырашыла, што пакідаць мужчыну з газонакасілкай небяспечна, забрала інструмент да сябе ў пакой і лягла спаць. Мужчына вярнуўся дадому, выпіў віна, а потым увайшоў у пакой да жонкі, абліў яе бензінам і падпаліў. Яна прачнулася ад моцнага болю. Мужчына, усвядоміўшы, што зрабіў, дапамог патушыць полымя.

У бальніцы ў пацярпелай былі дыягнаставаны тэрмічны апёк галавы, шыі, тулава, верхніх канечнасцяў, пярэдняй паверхні сцягна 2-й і 3-й ступені, інгалятарная траўма і апёкі верхніх дыхальных шляхоў. Жанчына памерла ў бальніцы.

24 студзеня гэтага года справу разгледзела судовая калегія па крымінальных справах Гродзенскага абласнога суда. Прысуд — 14 гадоў у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама мужчына павінен прайсці курс прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны.