У панядзелак, 27 студзеня, у Гдыні вынеслі прысуд беларусу, які некалькі разоў стрэліў у офісе агенцтва Reuters у 2017 годзе. Суд прысудзіў беларуса Сцяпана Свідзерскага да года турмы з адтэрміноўкай пакарання на тры гады, паведамляюць польскія СМІ, піша TUT.BY.

Суд прызнаў мужчыну вінаватым у стварэнні непасрэднай небяспекі страты жыцця і здароўя. Першапачаткова беларуса вінавацілі ў замаху на забойства, паведамляе rmf24.pl.

Нагадаем, увечары 14 лістапада 2017 года ў офісе інфармацыйнага агенцтва адбыўся стрэл. Быў затрыманы беларус — 30-гадовы ўраджэнец Гродна Сцяпан Свідзерскі.

Сцяпан Свідзерскі на той момант жыў у прыгарадзе Гдыні, больш за шэсць гадоў працаваў аналітыкам у кампаніі Thomson Reuters і займаўся спартыўнай стральбой. Сябры характарызавалі хлопца станоўча, а мама казала, што ён мог паехаць на працу са зброяй, таму што не паспеў адвезці яе дадому пасля трэніроўкі.

27 студзеня ў судзе распавялі пра тое, што здарылася ў офісе агенцтва. Ахоўнік зацікавіўся футаралам беларуса. Але пасля па камандзе беларуса адклаў яго, а Свідзерскі схапіўся за пісталет. Пасля чаго завязалася барацьба, і беларус два разы стрэліў. У выніку інцыдэнту ніхто не пацярпеў.