Міністэрства прыроды Беларусі падтрымлівае прапановы забараніць выкарыстанне жывёлін у індустрыі забаваў. Такі адказ з ведамства атрымалі аўтары адпаведнага звароту, піша Белсат.

Зварот з прапановай забараніць выкарыстанне жывёлін у цырку, які быў апублікаваны на сайце petitions.by, падтрымалі больш за 10 тыс. чалавек.

«Усе цыркавыя трукі ненатуральна для дзікіх жывёлінаў. Адзіны спосаб прымусіць выконваць каманды дрэсіроўшчыка — гэта не смачная пахвала, а выпрацаваны страх перад пакараннем, таксама пазбаўленне ежы, каб дзеля запаветнага кавалачка няшчасная згаладалая жывёліна была гатовая на ўсё», — адзначалася ў звароце.

На думку аўтараў петыцыі, умовы ўтрымання і транспартавання жывёлін таксама несумяшчальныя і непрыдатныя, у іх адсутнічаюць паўнавартасная ветэрынарная дапамога і належныя санітарныя ўмовы.

Таму, адзначаюць падпісанты, Беларусь «павінна стаяць побач» з краінамі, якія ўжо забаранілі цыркі з жывёлінамі.

У адказе з Міністэрства прыроды падтрымліваюць такую прапанову. У ведамстве таксама адзначылі, што неабходна для гэтага распрацаваць закон «Аб абыходжанні з жывёлінамі».

Частку адпаведных прапановаў міністэрства ўжо ўносіла ў Мінжылкамгас у лістападзе 2017 года.