Следчы па справе дваіх жыхароў Гродна, затрыманых 21 снежня ў Міжнародным аэрапорце Катхманду з шасцю кілаграмамі какаіну, схаванага ў зімовых куртках, расказаў belsat.eu, колькі іх будуць трымаць пад арыштам і ці ёсць шанец, што яны выйдуць на свабоду.

Ужо 20 дзён непальскае Бюро па кантролі за наркотыкамі займаецца справай двух гродзенцаў, якіх затрымалі ў аэрапорце Катхманду з шасцю кілаграмамі какаіну. Наркотыкі знайшлі ў куртках, якія былі ў Аліны і Паўла.

Чытайце таксама: Гродзенскі перавозчык какаіну аб непальскай турме: “Ёсць інтэрнэт, умовы добрыя”

Цяпер хлопец і дзяўчына – пад следствам, у адпаведнасці са спецыяльным наркатычным артыкулам 2033, згодна з якім кожны грамадзянін Непала ці замежнік за перавоз псіхатропных субстанцый можа ўтрымлівацца пад арыштам на працягу трох месяцаў.

Паліцыя Непала патлумачыла, які тэрмін пагражае гродзенцам за перавоз какаіну
Аліна. Фота з сацсетак
Паліцыя Непала патлумачыла, які тэрмін пагражае гродзенцам за перавоз какаіну
Павал. Фота з сацсетак

Джыван Ніраўля з непальскага Бюро кантролю за наркотыкамі паведаміў belsat.eu, што справаю беларусаў займаюцца ўжо дваццаць дзён:

«Мы таксама шукаем людзей, якія ўцягнулі Аліну і Паўла ў гэтае злачынства. Да дзяўчыны прыязджаў бацька, яны сустракаліся. Мы будзем намагацца як мага хутчэй накіраваць паперы ў суд. Аднак рашэнне суда не залежыць ад нас. Шэсць кілаграмаў какаіну – вельмі вялікі аб’ём і караецца ў Непале тэрмінам ад 15 да 25 гадоў, а таксама штрафам ад $ 4400 да $ 22 000».

Бацька Аліны Аляксей Алдошын, першы намеснік начальніка АУС і кіраўнік крымінальнай міліцыі адміністрацыі Ленінскага раёну Горадні, з belsat.eu размаўляць адмовіўся.

Апошні раз гродзенцы былі онлайн на пачатку студзеня.

Чытайце таксама: Паліцыя Непалу пра беларусаў з какаінам: іх пасадзяць, пытанне – на колькі

Раней затрыманая дзяўчына распавядала belsat.eu, што яна са сваім хлопцам вырашылі перавезці курткі, бо хацелі хутка зарабіць. Ім запрапанавалі за працу дзве тысячы долараў. Аднак Аліна сцвярджае: яны не ўсведамлялі, што перавозяць какаін, і раней гэтым не займаліся.

Пра затрыманне беларускіх грамадзянаў стала вядома 25 снежня. Непальскае Бюро кантролю за наркотыкамі паведаміла, што беларусы правозілі какаін, схаваны ў зімовых куртках. Выявілі яго ў часе дагляду багажу рэнтгенам. Маладзёны прыляцелі з Турцыі і ў той жа дзень мелі сесці ў самалёт у Гон-Конг.